Унікальным абрадам у сталічным рэгіёне адзначылі стары Новы год

16 января 2016

Унікальным абрадам, дарэчы, адзіным на Беларусі, які ўваходзіць у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА, у сталічным рэгіёне адзначылі стары Новы год. "Калядныя цары" – так называецца абрад, які праводзяць у аграгарадку Семежава Капыльскага раёна. Аднавілі яго ў сярэдзіне 90-х гадоў, і зараз у шчодры вечар у невялічкую вёску з'язджаюцца турысты, навукоўцы і журналісты, а мясцовыя жыхары з нецярпеннем чакаюць калядоўшчыкаў, бо лічыцца – гэта прынясе шчасце і дабрабыт на круглы год.

Антаніна Станкевіч узяла ўдзел у абрадзе. Вось такой арганізаванай калонай яны маршыруюць па вясковых вуліцах. 7 калядных цароў - Доктар, Дзед і Баба, і іншыя персанажы абраду. Менавіта ў такім нязменным складзе нашыя продкі віншавалі аднавяскоўцаў у шчодры вечар і некалькі стагоддзяў таму.

Жыхары аграгарадка Семежава бачылі абрад не аднойчы, а ўсё роўна кожны год выходзяць на вуліцу, каб яшчэ раз паглядзець на цароў. Па-першае, традыцыя, а па-другое – адно з любімых мясцовых святаў.

Раней калядоўшчыкі заходзілі хіба што толькі ў дамы, дзе жывуць незаручаныя дзяўчаты. Сёння ж нікога не абдзяляюць сваёй увагай – тым больш што ў кожнай хаце калядоўшчыкам рады.

Абрад у Капыльскім раёне існуе больш за два стагоддзі. Гісторыя яго з'яўлення зусім нетыповая.

А вось на пачатку 2009-га абрад "Калядныя цары" трапіў у прэстыжны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА. І аказаўся ў ганаровай кампаніі побач з бразільскай капаэйрай, кітайскай каліграфіяй і японскім тэатрам кабукі.

Ходзяць калядоўшчыкі па вёсцы да глыбокай ночы. Трэба завітаць да кожнага жыхара Семежава. Ні марознае надвор'е, ні прыцемкі – не перашкода. Тым больш што шлях асвятляюць факелы – гэта яшчэ і элемент святочнага антуражу.

І сёння, як і 200 гадоў таму, удзельнічаюць у абрадзе выключна маладыя людзі. Больш за ўсё гэтаму радуюцца старажылы – ёсць каму традыцыі перадаць.