Унікальныя старажытныя артэфакты знайшлі археолагі побач з вёскай Кардон

29 июля 2017

Унікальныя старажытныя артэфакты знайшлі археолагі побач з вёскай Кардон у Шумілінскім раёне. Галоўнай сенсацыяй сёлетніх раскопак пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко сталі прадметы побыту і ўпрыгажэнні скандынаўскай эпохі. Асаблівую цікавасць выклікаюць старажытныя воінскія амулеты – так званыя малаточкі Тора. Іх знайшлі амаль у непашкоджаным выглядзе.

Вольга Маслоўская ведае сапраўдную цану гэтым знаходкам. А месца, дзе зараз знаходзіцца вёска Кардон, можна лічыць вялікім перавалачным пунктам – генеральнай зонай фарміравання легендарнага шляху “з вараг у грэкі”. Комплекс Кардон адкрылі ў мінулым годзе. І ён стаў сапраўднай сенсацыяй сярод археолагаў.

Сёлета з Шумілінскага раёна археолагі павезлі таксама такія рэдкія знаходкі, як скандынаўская шпілька “воўчы зуб”, адзін з ранніх варыянтаў скандынаўскіх ключоў – ключ-падвеска, што насіўся на поясе. Яшчэ металічная зашпілька-фібула. Пасля даследаванняў яны папоўняць фонды Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гэтымі днямі яшчэ адзін археалагічны дэсант працуе на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Тарфянік ля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна – сапраўдны Кландайк для даследчыкаў даўніны. У мінулым годзе споўнілася паўстагоддзя, як ідзе вывучэнне гэтага археалагічнага помніка. Пачынаў яшчэ бацька цяперашняга кіраўніка экспедыцыі. Кажуць, адкрыццяў тут хопіць яшчэ не на адно пакаленне. Справа ў тым, што торф не прапускае кісларод, а таму ў тарфяніку захаваліся нават драўляныя і касцявыя вырабы з тысячагадовай гісторыяй. Вось і гэтая лыжка родам з неаліту стала сапраўднай сенсацыяй.

Гэта другая самая старая касцявая лыжка, знойдзеная на тэрыторыі Беларусі. Першую, праўда, расколатую адкапалі некалькі дзесяцігоддзяў таму за 15 метраў ад сёлетняй сенсацыі.

У экспазіцыйныя вітрыны экспанаты трапляюць не толькі з археалагічных раскопаў. Здараецца, што незвычайныя прадметы прыносяць у музей звычайныя людзі. Гэтая бронзавая сякера ўсяго некалькі дзён таму з’явілася ў экспазіцыі Полацкага краязнаўчага музея. Навад адпаведны надпіс яшчэ аформіць не паспелі. Зараз прыхільнікі даўніны прыходзяць паглядзець менавіта на гэты артэфакт, бо гісторыю яго знаходжання можна назваць цудам.

Зразумець тое, што прадмет, які трапіў у рукі падчас аўтамабільнай вандроўкі, уяўляе цікавасць, аўтару знаходкі дапамагло добрае веданне гісторыі. Дамашняе даследаванне праз Інтэрнэт пацвердзіла: гэта прадмет з побыту першабытнага чалавека. Больш дакладны ўзрост знаходкі высветлілі навукоўцы. Баявая сякера – равеснік бронзавага веку, ёй больш за 3 тысячы гадоў.

Між іншым найстарэйшы музей Полацка налічвае 2 тысячы экспанатаў. Гэта прадметы дагістарычнага перыяду, часоў Полацкага княства, кнігі і дакументы. Гонар калекцыі – меч вікінгаў. Равеснік летапіснага Полацка таксама стаў выпадковай знаходкай. У музейныя залы трапіў у 1956 годзе з будаўнічай пляцоўкі.