Унікальную тэхналогію вырошчвання клубніц асвоілі ў Шчучынскім раёне

29 Верасня 2018

На двары начныя замаразкі, а на Гродзеншчыне збіраюць чарговы ураджай клубніц. Унікальную для Беларусі тэхналогію вырошчвання салодкай ягады асвоілі ў Шчучынскім раёне. Дзякуючы прамым замежным інвестыцыям, тут пабудавалі спецыяльныя цяпліцы і зараз клубніцы спеюць з красавіка па лістапад. Аб перспектывах і экспартным патэнцыяле беларускай ягады – у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

На вуліцы амаль кастрычнік, а на плантацыі спеюць клубніцы. Для Шчучынскага раёна гэта не экзотыка. Некалькі гадоў таму сюды прыйшоў замежны інвестар з сучаснымі тэхналогіямі. Спачатку салодкую ягаду вырошчвалі ў адкрытым грунце, а сёлета асвоілі цяплічны метад. Расада тут у спецыяльных латках вісіць над зямлёй.

Брыгадзір Аляксандр Мыслівец клубніцамі займаецца ўжо больш за 10 гадоў. Пра салодкую ягаду можа расказваць гадзінамі. Менавіта ён укараняў сучасную еўрапейскую тэхналогію вырошчвання на шчучынскіх землях. Прызнаецца, сваімі рукамі тут перабраў расаду, кожны куст клубніцы.

У выніку такога падыходу за сезон з аднаго гектара тут збіраюць да 50 тон клубніц. Летам ягаду здымаюць кожны дзень, восенню і вясной - два разы на тыдзень. І ўсё строга па вызначанай тэхналогіі.

Цяплічная тэхналогія патрабуе толькі паліву і падкормкі расады. Усё астатняе дае прырода. Што дазваляе значна знізіць сабекошт ягады.

Такі спосаб вырошчвання клубніцы адносна танны. Тут не трэба ніякага ацяплення. А ўраджай можна збіраць з красавіка па лістапад. Да самых маразоў.

Такі бізнес даволі перспектыўны. У шчучынскага прадпрыемства практычна няма канкурэнтаў у рэспубліцы. Больш за тое, аб’ёмы вырошчвання ягады дазваляюць ажыццяўляць экспартныя пастаўкі. Партнёры з суседняй Расіі за беларускай клубніцай у так званае міжсезонне выстройваюцца ў чэргі.

Ёсць у кампаніі і перспектыўныя планы развіцця. Поўным ходам ідзе будаўніцтва вытворчага цэха з халадзільнымі ўстаноўкамі. Дзе можна будзе ўвесь год захоўваць і расаду, і ягады. На чарзе новыя цяпліцы. Задача максімум - стаць найбуйнейшым экспарцёрам беларускай клубніцы.