Вуліца Марка Шагала з'явілася ў Віцебску

30 апреля 2016

У гонар знакамітага земляка тут перайменавалі частку вуліцы Праўды. Зараз рыхтуюць новыя шыльды і актыўна пераафармляюць дакументы. Ці стане вуліца Шагала чарговай турыстычнай жамчужынай паўночнага рэгіёна, ведае Артур Смалякоў.

Да 1918 года яна была Уваскрасенскай, потым Бухарынскай, а ў 1962-м яе назвалі ў гонар газеты "Правда". Сёння гэта вуліца Марка Шагала. Па дазвол выкарыстаць імя знакамітага мастака віцебскія ўлады звярнуліся да яго ўнучкі. Францужанку Мерэт Меер просьба парадавала.

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў прызнаецца, што творчая інтэлігенцыя горада шмат гадоў чакала гэтай падзеі. Віцебск, які дзякуючы Шагалу ведае увесь свет, даўно павінен быў увекавечыць імя генія не толькі ў мемарыяльным музеі.

Новую назву атрымаў адрэзак вуліцы Праўды паміж вуліцамі Леніна і Калініна. Выпадкова, але сучаснікі рэвалюцыі зноў апынуліся разам. Працягласць вуліцы Шагала - 500 метраў. Новых шыльдаў пакуль няма. Але хутка яны зоймуць сваё месца.

Новая вуліца не адзіны напамін пра тое, што ў горадзе жыў і тварыў вялікі мастак. Сёння ў Віцебску працуюць дом-музей і арт-цэнтр Шагала. На навуковыя канферэнцыі, вернісажы, лекцыі і пленэры тут штогод збіраюцца прыхільнікі творчасці жывапісца з усяго свету. Сярод важных пунктаў віцебскіх устаноў - супрацоўніцтва з Нацыянальным музеем Шагала ў Ніцы.

Музею ў Ніцы нічым не саступіць віцебскі музей Шагала пад адкрытым небам. Адзін з самых цікавых будынкаў новай вуліцы ў Віцебску - былое мастацкае вучылішча. Менавіта тут ў 1919 годзе забіла крыніца наватарскай хвалі, якая праславіла горад над Дзвіной. Зараз будучаму музею надаюць выгляд пачатку ХХ стагоддзя, калі тут працавалі Шагал, Малевіч і Лісіцкі. Жылыя дамы побач размалююць у стылі супрэматызму, а участак вуліцы зробяць пешаходным. Спецыялісты ўпэўненыя: гэтае месца стане сапраўднай турыстычнай жамчужынай Віцебска.