Уборачная выйшла на фінішную прамую

19 августа 2017

Масавае жніво павінна быць у выхадныя завершана. Паводле традыцыі, каравай са свежай мукі спрабуюць на «Дажынках». Сёння свята хлебаробаў праходзіць у Кобрынскім раёне, дзе і жніво ўжо завяршылі.

Расказвае Вікторыя Патоня. Невыпадкова раённыя дажынкі - у “Гарадзец-агра”. Прадпрыемства – самае буйное і па плошчы, і па працягласці, і па колькасці жыхароў. Сёлета тут намалацілі амаль 16 тысяч тон збожжа. У ліку лепшых экіпажаў - Мікалай Пакалюк і Аляксандр Бараноўскі. Камбайнеры разам працуюць пяты сезон. Кажуць, убраць хлеб з палёў - адно. Не менш важная задача – захаваць ураджай.

З палёў – на падвор’і! Гаспадарка дапамагае тэхнікай убраць збожжа мясцовым жыхарам. У асноўным – пенсіянерам, якія прывыклі мець уласнае зерне, каб ім карміць свойскую жывёлу. Кошт паслугі за сотку – рубель. Мікалаю Семянюку – 76 гадоў. На ўборачную прыехаў на кані. Для яго і стараецца!

Трымае каня і Гарадзецкі сад-школа. Штогод тут сеюць каласавыя, каб было чым карміць сумленнага працаўніка. А ўраджай з прышкольнага ўчастка аграрыі ўбіраюць на партнёрскіх умовах.

Прадпрыемства паспяхова выканала дзяржаўны заказ па нарыхтоўцы харчовай пшаніцы і жыта. У канцы месяца пачнуцца работы па ўборцы цукровых буракоў, кукурузы. Ужо зараз на палях кіпіць работа і ідзе закладка новага ўраджаю – сеюць азімы рапс. Як паказала практыка, культура вельмі прыбытковая. Сёлета ўраджайнасць па гаспадарцы склала больш за 43 цэнтнеры з гектара.

Брэсцкая вобласць па ўборцы набліжаецца да фінішнай прамой. Ураджайнасць у сярэднім склала 37 цэнтнераў з гектара.

Аграрыі рэгіёна рыхтуюцца да "Дажынак". Да свята хлебаробаў традыцыйна на палях з’яўляюцца саламяныя скульптуры. Адна з такіх усталяваная ўздоўж шашы М1 і нагадвае адзін з цудаў свету – егіпецкую піраміду. Вышынёй з 4-павярховы дом, кампазіцыя стала аб’ектам для фотасесій.

Крэатыўныя экафігуры сведчаць, што ўборачная кампанія ў гаспадарках завершана. А абласное свята жніва сёлета пройдзе ў Давыд-Гарадку 2 верасня.