Турыстычная візітоўка Віцебска

7 октября 2017

Многія гарады імкнуцца падкрэсліць сваю ўнікальнасць. Лондан немагчыма ўявіць без чырвоных тэлефонных будак і двухпавярховых аўтобусаў. Санкт-Пецярбург упрыгожваюць постаці львоў, а Іерусалім пабудаваны выключна з белага каменя. Прыдумаць сваю турыстычную візітоўку вырашылі і ў Віцебску.

Гэта квадраты і трохвугольнікі Малевіча. Яны ўпрыгожваюць гарадскія будынкі, тралейбусы і трамваі. Так Віцебск імкнецца падкрэсліць, што стагоддзе таму менавіта тут Казімір Малевіч распрацаваў канцэпцыю новага авангарднага супрэматысцкага мастацтва. І гэта было падзеяй сусветнага маштабу.

«Чорны квадрат» і «Смерць шпалерам» - на будынках і грамадскім транспарце. На тыдні на маршрут выйшаў яшчэ адзін трамвай, расфарбаваны паводле карцін Малевіча.

Спецыялісты ведаюць: Віцебская мастацкая школа аказала вялікі ўплыў на сусветнае мастацтва. Гаварыць аб гэтай з'яве Валянціна Кірылава можа бясконца. І не толькі таму, што вывучэнню гэтай тэмы прысвечана шмат часу. Інтэр'ер яе дома - не што іншае, як дапаможнік па супрэматызме.

Сямейная рэліквія - круглы бабулін стол - цалкам пасябраваў з інтэр'ерам кухні і падтрымаў супрэматысцкую тэму, пачатую на кафлянай падлозе гасцінай.

Каляровыя рашэнні таксама падказалі карціны Малевіча і яго паслядоўнікаў. Класічная трыяда супрэматыстаў - чырвоны, белы, чорны. Каб інфармацыя пра Віцебскую мастацкую школу стала вядомай больш шырокаму колу мясцовых жыхароў, у «малевіцкіх» трамваях і тралейбусах з'явіцца інфармацыйны матэрыял. У планах таксама - стварэнне дзіцячых пляцовак і арт-аб'ектаў з сімволікай супрэматыстаў. І самая доўгачаканая падзея - адкрыццё Музея Віцебскага мастацкага вучылішча. Гістарычны будынак захаваўся і зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі. 



Зараз чытаюць