Царква Святога Духа ў аграгарадку Азёры Гродзенскага раёна адзначае 150 гадоў з дня заснавання

10 июня 2017

Яна выстаяла ў час вайны і перажыла рэвалюцыі. Царква Святога Духа ў аграгарадку Азёры Гродзенскага раёна адзначае вялікую дату – 150 гадоў з дня заснавання. За ўвесь гэты час храм, як сцвярджаюць і сведкі, і гістарычныя архівы, ні на дзень не зачыняў для вернікаў свае дзверы. Як вязень з яўрэйскага гета падчас Вялікай Айчыннай уратаваў праваслаўную царкву ад знішчэння і адкуль у храме ўнікальныя іконы расійскай мастацкай школы?

У вандроўку па векавых успамінах адправіўся Дзмітрый Смірноў.

У 40-я гады мінулага стагоддзя старажытная царква, якую будавалі, як кажуць, усім светам, па жорсткім плане ворага ледзьве не ператварылася ў руіны. Цуд гэта быў ці шчаслівая акалічнасць, але ж праваслаўны храм збераглі, і зараз, праз 73 гады, мясцовыя жыхары ўжо на святкаванні яго 150-годдзя ўспамінаюць гісторыю выратавання.

Храм Святога Духа хутка аддзякаваў прыхаджанам і літаральна сваімі сценамі збярог падчас Вялікай Айчыннай чалавечае жыццё.

За 150 гадоў царква ў Азёрах сабрала шмат цікавых і нават дзівосных гісторый. Некаторыя з іх у гэтых мясцінах памятаюць і сёння.

За паўтара стагоддзя існавання царквы яе дзверы ніколі не зачыняліся. Нават на дзень. Вера прыхаджан вытрымала выпрабаванні і часам, і вайной, і нават антырэлігійнымі вучэннямі. Зараз прыход Святога Духа - гэта больш за паўтары тысячы чалавек. Кожную нядзелю тут збіраюцца сотні людзей. У тым ліку і маладое пакаленне. Памаліцца і запаліць свечку вернікі прыязджаюць за дзясяткі кіламетраў.

Між тым царква не толькі сакральнае месца. Як і стагоддзі таму, сёння вакол яе будуецца і сацыяльная інфраструктура.

Пра ўвагу і клопат аб сваёй царкве перш за ўсё сведчаць учынкі мясцовых жыхароў. На тыльным баку адной з храмавых ікон відаць надпіс на рускай мове: "Икону жертвует отставной унтер-офицер Иосиф Михайлович Гончарук с женою Анастасией Адамовной в 1886 году". І такіх гісторый шмат.

Пра невялікі азёрскі храм ведалі нават за тысячу кіламетраў адсюль – у імператарскім палацы ў Санкт-Пецярбургу. Як сведчаць краязнаўцы, у царкве Святога Духа захоўваецца яшчэ адна ікона - падараваная імператарам Мікалаем Другім.

Мясцовыя жыхары ўпэўненыя: царква дапамагла іх продкам вытрымаць шмат выпрабаванняў і сама выстаяла дзякуючы іх веры. Таму спадзяюцца, што яе дзверы, як і раней, будуць заўсёды адчыненыя.