Трэці год у нашай краіне рэалізуецца праект "Парфума анёла"

17 августа 2019

Знізіць боль, падняць настрой, атрымаць зарад бадзёрасці, дзякуючы альфакторнай тэрапіі. Трэці год у нашай краіне рэалізуецца праект "Парфума анёла". Ініцыятарам яго стала ураджэнка Беларусі, Вольга Аляксандр, якая зараз жыве і працуе ў Бельгіі. Разам са знакамітымі парфумерамі з Францыі, Італіі і Германіі, студэнтамі вышэйшай парфумернай школы Парыжа яна дапамагае цяжка хворым дзецям, стварае для іх індывідуальныя водары. 

Пра лячэбныя уласцівасці пахаў - Наталля Кузьміцкая.  Такім бадзёрым і натхняльным пахам для Міраслава Шаўчука стаў цэлы мікс водараў – мяты, цытрусавых, лекавых зёлак з Амазоніі. Новы альфакторны стымулятар, аўтарства вядомага французскага парфумера Мішэля Рудніцкага, для юнака прывезла Вольга Аляксандр.  

Некалькі месяцаў таму Міраславу пашанцавала далучыцца да праекта «Парфума анёла». На працягу трох гадоў ініцыятар дабрачыннай акцыі Вольга Аляксандр развівае ў нашай краіне новы від  тэрапіі. За гэты час створана цэлая бібліятэка водараў. Яе аздараўленчы эфект ужо адчулі падапечныя беларускага дзіцячага хоспіса і маленькія пацыенты РНПЦ анкалогіі. 

Падчас чарговага візіту гэта супрацоўніцтва яшчэ больш паглыбілася. Ад дапамогі пацыентам да падтрымкі іх урачоў. Не сакрэт, што медыкі, асабліва тыя, якія кожны дзень вядуць барацьбу з цяжкімі захворваннямі, таксама часам адчуваюць эмацыянальнае выгаранне. 

Цяпер за рэлакс ў ардзінатарскім пакоі будзе адказваць спецыяльны дыфузар з лёгкай эсенцыяй. Водары эфірных алеяў, з драўлянымі ноткамі літаральна за 10 хвілін могуць перанесці на курорт ці проста ў ціхае, спакойнае месца. 

Акрамя таго, кожны доктар атрымаў і ўласны альфакторны стымулятар у спецыяльным флаконе. Яго можна насіць з сабой і пры неабходнасці, дзякуючы ўсяго аднаму ўдыху, на хвілінку пераключыцца, атрымаць зарад бадзёрасці. А пасля дзяліцца ім і павышаць настрой сваіх пацыентаў.