Традыцыйная страва паўночнага рэгіёна - клёцкі з душамі

25 ноября 2017

Традыцыйная страва паўночнага рэгіёна - клёцкі з душамі - папоўніць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Клёцкі здаўна былі ў меню жыхароў Віцебскай вобласці. Але ў кожным рэгіёне іх гатавалі па-рознаму. Напрыклад, у Лепельскім раёне не шкадавалі начыння і клёцкі атрымлівалася велічынёй з далонь гаспадыні. А да стала падавалі іх без хлеба і смятаны. Бо страва была вельмі каларыйнай. Класічны рэцэпт віцебскіх клёцак - у Марыны Раманоўскай.

У аграсядзібе рыхтуюцца да прыезду гасцей. У меню - клёцкі з душамі. Гаспадыні гатуюць іх па класічным рацэпце. Для клёцак выбіраюць самую вялікую бульбу. Чысціць буйныя клубні хутчэй. Дарэчы, у многіх вёсках і сёння, калі перабіраюць ураджай, самую гладкую і вялікую бульбу адкладваюць на клёцкі.

Гэту страву здаўна гатавалі ў многіх рэгіёнах Віцебскай вобласці. Асноўны інгрэдыент - бульба. У сярэдзіну абавязкова клалі начынку, якую гаспадыні называлі душой. Адсюль і назва - клёцкі з душамі.

Але перад тым, як пакаштаваць страву, трэба шмат папрацаваць. Замест кухоннага камбайна ў распараджэнні гаспадыні - звычайная тарка. Больш падобная на музейны экспанат. Пасля бульбяную масу абавязкова адціскаюць. І толькі потым начыняюць. Дарэчы, у Лепельскім рэгіёне ў мясную начынку дадавалі толькі кмін. Памер клёцкі залежаў ад далоні гаспадыні. У некаторых раёнах “душы” для клёцак рабілі з хатняй каўбасы.

Клёцкі з душамі абавязкова ставілі на стол падчас памінання продкаў. Страва выконвала сакральную функцыю. Пасля клёцкі з душамі сталі гатаваць і ў выхадныя дні, калі за сталом збіралася сям’я. У Лепельскім рэгіёне іх падавалі без хлеба і смятаны. Бо атрымліваліся клёцкі вельмі каларыйнымі. Дарэчы, у кожнай вёсцы, і нават у кожнай сядзібе іх гатавалі па-рознаму. Свае кулінарныя сакрэты гаспадыні маюць і сёння. Лізе Карабач усяго дзесяць гадоў. Але на кухні - яна першая памочніца.

Рацэпты захоўваюцца не толькі ў памяці гаспадынь, але і на старонках кніг. Адзін з самых простых - бульба з печы. Разам з чыгунком на стол ставілі сала і капусту з журавінамі. Гэта лічылася штодзённай стравай.

Традыцыйныя беларускія стравы ўсё часцей можна ўбачыць у меню кафэ і рэстаранаў. Праходзяць у краіне і тыдні нацыянальнай кухні, падчас якіх з душой гатуюць не толькі клёцкі.