Традыцыі святкавання Раства

9 января 2016

Батлейкі, калядкі і ўрачыстыя богаслужэнні. У праваслаўных настаў асаблівы час - калядныя святы. Яны пачынаюцца адразу пасля Божага Нараджэння. Да аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў у даўніну рыхтаваліся ўсе: людзі - праз пост, малітву і справы міласэрныя, святыні - праз аздабленне.

Традыцыі святкавання Раства ўзгадае Юлія Токар. Святочную атмасферу стварылі аздабленнем святынь і храмаў. Найперш, батлейкі. Іх упрыгожылі хвойнымі галінкамі, ёлачнымі цацкамі і гірляндамі. Такое чараўніцтва будзе панаваць да Вадохрышча. А вернікаў Божае Нараджэнне будзе натхняць на працягу года.

Да Раства вернікі рыхтавалі сябе праз пост і шчырую малітву, імкнуліся атуліць родных і блізкіх дабрынёй, разважалі над сэнсам свайго жыцця. Каб падчас Божага Нараджэння мець чыстыя сэрцы і думкі.

Да Божага Нараджэння вернікі ўпрыгожылі свае кватэры, дапамагалі ў аздабленні святынь і храмаў. Батлейкі - галоўны сімвал Раства, стваралі і маленькія прыхаджане ў нядзельных школах. Яны старанна майстравалі яслі з фігуркамі Святой сям'і. У цэнтры кампазіцыі, якая найлепшым чынам перадае падзеі святой ночы, - маленькі Ісус і Божая Маці.

А «жывую батлейку» стварыла Марына Лавыш. Вось ужо два гады верніца мінскага прыхода Святога Серафіма Сароўскага ўвасабляе

біблейскія сюжэты ў лялечных спектаклях. Да кожнай пастаноўкі падыходзіць адказна. Сама выступае ў ролі рэжысёра і нават мадэльера. Адзенне для сваіх лялечных герояў Марына шые сама.

Падчас калядных святаў гучаць і калядныя спевы. Яны дадаюць узнёсласці гэтаму асабліваму перыяду ў літургічным календары.

«Анёл прыляцеў», «Учора з вячора» - песні бабуль і прабабуль спяваюць удзельнікі народнага калектыву «Калыханка». Хлопцы і дзяўчаты, апранутыя ў прыгожыя народныя строі, са святочнымі атрыбутамі ў руках, ходзяць па суседзях і сваімі пранікнёнымі спевамі віншуюць усіх з Божым Нараджэннем.

Калядныя святы - гэта асаблівы час урачыстых богаслужэнняў, калядавання з песнямі і гульнямі. А ў сталіцы ў гэтыя дні моладзь актыўна рыхтуецца да традыцыйнага праваслаўнага балю, які адбудзецца напрыканцы студзеня. Больш за 40 нумароў - ад класічнага вальса да армянскіх народных танцаў прадэманструюць у трох аддзяленнях.

Па традыцыі баль распачынаюць паланэзам. Урачысты выхад танцораў падкрэсліваюць сінхронныя рухі і прыгажосць жэстаў. Удзел прымаюць усе танцоры свята.

Менавіта ў калядныя дні хрысціяне з адкрытымі сэрцамі і радасцю перажываюць сустрэчу з Хрыстом. Свята Божага Нараджэння для ўсіх вернікаў краіны - час шчодры і чароўны, які штогод дорыць надзею.