Ткаць лагатып Магілёва пачалі лепшыя народныя майстры вобласці

11 марта 2017

Над пано, памер якога два на тры метры, будуць працаваць 10 рамеснікаў. Праект “З гонарам да цябе, любы Магілёў” прэзентуюць падчас святкавання 750-годдзя горада.

Як ствараецца самы вялікі сучасны мастацкі твор рэгіёна, даведаўся Андрэй Ястрабаў. Усё пачалося з конкурсу на лепшы лагатып Магілёва. Творчых работ было амаль сто. Абралі адну з выявамі знакавых аб’ектаў горада, аб’яднаных беларускім арнаментам. Напрыклад, Свята-Мікольскі сабор - помнік XVII стагоддзя, уключаны ЮНЕСКА ў спіс найбольш каштоўных збудаванняў Еўропы ў стылі барока.

Журы вырашыла, што пры стварэнні лагатыпа будзе выкарыстаны стыль вышыўкі крыжыкам. Яго паспяхова прымяняюць майстры Магілёўскага каледжа мастацтваў, рукам якіх належаць брэндавыя сувеніры. Потым іх уручаюць дарагім гасцям горада. Тут і сёння вырабляюць габелены, рушнікі. Напярэдадні 750-годдзя заснавання Магілёва лагатып з’явіцца на сувенірнай прадукцыі, бэйджыках прадаўцоў, упакоўках мясцовых тавараў. І нават на самым вялікім сучасным габелене, эскіз якога ўжо ткуць лепшыя майстры рэгіёна.

Праўда, ткацкі малюнак усё ж будзе адрознівацца ад зацверджанага, на што рамеснікі атрымалі спецыяльны дазвол.

Пасля таго як эскіз будзе гатовы, 10 лепшых майстроў рэгіёна возьмуцца за вялікі габелен памерам два на тры метры. Ткаць яго, што цікава, будуць на трох старадаўніх драўляных станках, якія захаваліся ў рабочым стане. Работы пачнуць напрыканцы сакавіка.

Самы ж вялікі габелен Магілёўскага рэгіёна - вось гэты, амаль 116 квадратных метраў - захоўваецца ў абласным Палацы культуры. Сёлета велізарнаму твору споўніцца 36 гадоў.

Нібыта жывое пацвярджэнне таго, што традыцыі не страчаны.