Тэматычныя заняткі для юных мінчан арганізавалі ў Музеі пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы

8 июня 2019

У школьнікаў - самая доўгачаканая пара - канікулы. На працягу трох месяцаў іх чакае займальны адпачынак, і каб ён запомніўся толькі яркімі і прыемнымі падзеямі, варта нагадаць аб правілах бяспекі. На гэтым тыдні тэмататычныя заняткі для юных мінчан арганізавалі ў Музеі пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы: дзецям расказалі, як правільна дзейнічаць пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. А супрацоўнікі ДАІ папярэдзілі аўтаўладальнікаў аб павелічэнні колькасці маленькіх пешаходаў і веласіпедыстаў на вуліцах.

Не паспелі скончыцца ўрокі, а школьнікаў ужо чакаюць новыя цікавыя заняткі. У першыя дні вялікіх канікул самым маленькім нагадваюць аб правілах бяспекі. Нават калі табліцу множання можна крыху і забыцца за лета, памятаць як паводзіць сябе дома, на вуліцы, пляжы альбо ў лесе - варта заўсёды.

Уключаная і забытая пліта, гарачы прас на стале - на макетах амаль усе магчымыя сцэнарыі і прычыны ўзнікнення пажараў у бытавых умовах. Галоўная задача - навучыць дзяцей прадбачыць і, калі магчыма, прадухіліць іх.

Ёсць у зале і своеасаблівы трэнажор, дзе дзяцей вучаць, як правільна паведамляць аб пажары ці надзвычайнай сітуацыі ў службу МНС. Усё як у жыцці.

У апошнія дні ў сталіцы слупкі тэрмометраў літаральна ўзляцелі уверх. На пляжах шмат людзей, асабліва матуль з дзецьмі.

Увогуле, усе правілы бяспекі, якія тычацца дзяцей, пачынаюцца з адказнасці бацькоў і іх пільнай увагі за непаўналетнімі. Аднак разумеюць гэта не ўсе, і сітуацыі, калі малыя застаюцца адны ля вадаёмаў, на жаль, нярэдкія. Таму ў гарачыя дні ў ратавальнікаў, вядома, дадаецца працы. Матор у сваёй лодцы яны амаль не паспяваюць глушыць.

Яшчэ адна небяспека, якая можа напаткаць непадрыхтаванага падлетка, - дарога.

Звярнуць увагу варта і на юных веласіпедыстаў. Згодна з правіламі, па дарогах агульнага карыстання дзеці на роварах могуць ездзіць толькі з 14-ці гадоў, а перад пешаходным пераходам ім неабходна спешвацца. Больш за тое, бацькі павінны правільна абсталяваць двухколавы: ліхтарамі белага і чырвонага колераў, а таксама святлоадбівальнымі элементамі.