Тэлерадыёкампанія "Віцебск" запускае новы тэлевізійны праект "Нашчадкі Перамогі"

7 мая 2016

«У страі заўсёды, у памяці навечна». Тэлерадыёкампанія «Віцебск» да 9 Мая і Дня Незалежнасці Беларусі запускае новы тэлевізійны праект «Нашчадкі Перамогі». Пра баявыя подзвігі сваіх прадзедаў раскажуць віцебскія школьнікі.

Наш карэспандэнт Юлія Усцінава з падрабязнасцямі. Свята Перамогі. Гэта мужнасць і сіла. Гэта любоў да Радзімы. У такія сонечныя майскія дні мы ўспамінаем тых, дзякуючы каму сады квітнеюць на мірнай зямлі. Эстафету памяці пра Вялікую Перамогу падхапілі дзеці, унукі, праўнукі пераможцаў. Мы памятаем і ганарымся.

Сёння праўнукі салдат Вялікай Айчыннай успамінаюць сваіх гераічных продкаў. Напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў краіне стартавала ваенна-патрыятычная акцыя «У страі заўсёды, у памяці навечна». Школьнікам прапанавалі знайсці фота дзеда ці прадзеда, даведацца і расказаць пра яго франтавы лёс.

Гісторыю перапісаць нельга. Такія ўрокі мужнасці і міру захаваюць памяць пра вайну і выхаваюць павагу да гераічнага мінулага беларускага народа.

Патрыятычную акцыю «У страі заўсёды, у памяці навечна» падтрымалі вучні ўсіх школ і гімназій абласнога цэнтра. А тэлеканал «Віцебск» рыхтуе цыкл відэасюжэтаў, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі раскажуць пра сваіх прадзедаў, іх ваенны шлях, подзвігі і ўзнагароды.

У пажаўцелых лістах з фронту, у бляклых фотаздымках, чорна-белых архіўных відэастужках жыве гістарычная памяць, якая аб'ядноўвае пакаленні.