Тэхналогію прыгатавання масленага барана захоўваюць у Глыбоцкім раёне

15 апреля 2017

Тэхналогію прыгатавання незвычайнага пачастунку - масленага барана - захоўваюць у Глыбоцкім раёне. Гатуюць выключна да Вялікадня. Але баранчык не проста ўпрыгажэнне святочнага стала. Страва прызнана нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі. Працэс і рэцэпт толькі на першы погляд нескладаныя. На самай справе гэта цэлая навука. Марына Раманоўская назірала за тонкім працэсам прыгатавання святочнага баранчыка.

Марына Хрол за прыгатаванне незвычайнага пачастунку заўжды бярэцца з вялікім энтузіязмам. У гаспадыні талент сапраўднага скульптара. З вялікага кавалка масла атрымліваецца вось такая ядомая фігурка. Спачатку не вельмі падобная на залацістага баранчыка. Але асноўная праца наперадзе. Каб зрабіць кілаграмовага барана, вопытнай гаспадыні спатрэбіцца прыкладна гадзіна.

У вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна гэтую страву да Вялікадня гатуюць здаўна. Прыгатаванне баранчыка - сямейная традыцыя. Тэхналогія перадаецца з пакалення ў пакаленне. Марына Хрол узгадвае: першы раз паспрабавала зрабіць баранчыка самастойна яшчэ ў дзяцінстве. Атрымалася выдатна.

Залацісты баранчык прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі. Зараз Марына Хрол ахвотна дзеліцца тэхналогіяй прыгатавання з усімі, хто жадае. На майстар-класах цікава і дарослым, і дзецям. Працэс вельмі займальны.

Вось так барана “апранаюць” у шэрсць. Залацістыя завітушкі выціскаюць праз марлю. Дарэчы, пачынаць трэба абавязкова з галавы. І толькі пасля можна аблепліваць усю жывёліну.

Цікава, але у масленага баранчыка няма хваста. І гэта не памылка майстра-кулінара - такім у вёсцы яго рабілі і сто гадоў таму. Хвост, на думку гаспадыні, тут і не патрэбны. А вось паставіць барана на ногі плануецца. Але пакуль жанчына не прыдумала, як ажыццявіць задуму. Масла хутка растае.

Апошні штрых - і баранчык як з карцінкі. Гаспадыня разам з удзельнікамі майстар-класа дэкарыруе страву зелянінай. Да Вялікадня баранчык будзе адпачываць у халадзільніку. А ўжо заўтра стане сапраўдным упрыгажэннем святочнага стала.