Мемарыял "Прарыў" ва Ушацкім стаў галоўнай пляцоўкай працоўнага дэсанта Віцебскай вобласці.

23 апреля 2016

Мемарыял "Прарыў" ва Ушацкім раёне сёння стаў галоўнай пляцоўкай працоўнага дэсанта Віцебскай вобласці. На суботнік выйшлі і чыноўнікі. Яны прыбіралі смецце і саджалі дрэвы. Частка грошай, заробленых на рэспубліканскім суботніку, пойдзе на завяршэнне рэканструкцыі комплексу, які адкрыецца напярэдадні Дня Перамогі. Разам з мясцовымі жыхарамі ў выхадны дзень працаваў і наш карэспандэнт Артур Смалякоў.

Год таму віцебскія дэпутаты ўключылі мемарыял «Прарыў» у абласную інвестпраграму. Рамонт бетонных сцен, скульптуры партызана, грунтоўнае добраўпарадкаванне. Агульны кошт рэканструкцыі - каля 19 мільярдаў рублёў. Сёння падчас рэспубліканскага суботніка тут наводзяць апошні глянец.

На гэтым месцы, 5 мая 44-га партызаны прарвалі фашысцкую блакаду. З акружэння тады выйшлі амаль 15 тысяч мірных жыхароў. У памяць аб той бітве ва Ушацкім раёне пабудавалі 11-метровую бетонную сцяну. У цэнтры - бронзавая фігура партызана, а побач - пліты з імёнамі загінуўшых герояў. Іх было 17 тысяч супраць 60-тысячнага войска карнікаў. Колькі людзей тады загінулі - не вядома і зараз.

Мемарыял ва Ушацкім раёне - знакавае месца. Турыстаў тут не менш чым у Хатыні і Брэсцкай крэпасці. А рамонту не было з моманту адкрыцця. Унутраны каркас пачаў разбурацца. Яго стан вывучалі архітэктары, будаўнікі і ліцейшчыкі. Працы па аднаўленні гістарычнай каштоўнасці Беларусі разбілі на тры этапы.

Хутка «Прарыў» упрыгожаць зялёныя зоны, падсвет і дзве новыя аўтастаянкі. Да адкрыцця мемарыяла пасля рэканструкцыі - лічаныя дні. Сёння тут кіпіць праца.

На адкрыццё мемарыяла «Прарыў», 40 гадоў таму, прыйшлі каля дзвюх тысяч удзельнікаў тых падзей. Сёння ў раёне іх засталося толькі трое. А словы выбітыя на камені, "Мужнасць народа перамагла смерць" ужо чытаюць іх праўнукі.