Гомельскія студэнты стварылі сваё тэлебачанне – перамога ў міжнародным праекце дазволіла набыць дарагую тэхніку, сабралі каманду крэатыўшчыкаў і пачалі здымачны працэс. І гэта прытым, што ў гандлёва-эканамічным універсітэце факультэта журналістыкі няма. Сёння ў сетцы вяшчання ВНУ - некалькі праграм. У планах журналістаў-аматараў - прайсці стажыроўку ў прафесіяналаў і ўвасобіць новы тэлепраект. З новаспечанымі калегамі пазнаёмілася Ганна Кавалёва.
На здымачнай пляцоўцы хоць і дылетанты, але падыход да справы сур'ёзны. Антон - другакурснік, кіраўнік студсавета, у будучыні - праграміст. Праўда, зараз практыкуецца не ў профільнай прафесіі, а ў журналісцкай. У тэлестудыі ВНУ ён вядучы. Дарэчы, стварылі гэтую тэлестудыю нядаўна. Пачыналася ўсё з газеты. Летась жа з прыходам першакурснікаў у ВНУ прыйшлі і новыя ініцыятывы: стварыць свой студэнцкі тэлеканал. Светлавое абсталяванне, лічбавая фотакамера, прафесійная відэаапаратура - усё ўдалося купіць дзякуючы ўдзелу ВНУ ў міжнародным праекце. Зараз у творчай брыгадзе 5 чалавек: аператар, рэжысёр, вядучыя і карэспандэнты.
Усяго ва ўмоўнай сетцы вяшчання - некалькі праграм: акрамя ток-шоу, дайджэсты навін, апытанні студэнтаў. Рыхтуюць і эфірныя версіі ўніверсітэцкіх канцэртаў і конкурсаў. Усё крэатыўная каманда спасцігае самастойна, метадам спроб і памылак, хоць і прызнаецца: у будучыні хацелася б прайсці стажыроўкі на мясцовых тэлеканалах.
Зараз гледачы тэлеканала – гэта ўсе студэнты ВНУ: праграмы транслююць на галоўныя экраны па ўсім ўніверсітэце. Частка аўдыторыі сочыць за тэлежыццём альма-матар у інтэрнэце, на афіцыйным ютуб-канале. Вядома, для большасці тэлеактыву стварэнне кантэнту - магчымасць займацца творчасцю, але кіраўніцтва ВНУ бачыць у гэтым больш шырокія мэты.
Дарэчы, найбліжэйшыя планы студэнцкага тэлебачання - пашырыць сетку вяшчання і асвоіць новыя жанры. Так, праз пару месяцаў здымачная брыгада прэзентуе новую праграму ў жанры інтэрв'ю, дзе пытанні будуць задаваць студэнты, а вось адказваць на іх, насуперак класіцы, будуць выкладчыкі.