Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі папоўніў старадаўні абрад "Ваджэнне Сулы"

4 мая 2019

Жыхары вёсак Маркавічы і Гадзічава ў Гомельскім раёне адрадзілі яго 12 гадоў таму. З тых часоў абрад традыцыйна праводзяць на другі дзень Вялікадня. Паводле старадаўніх канонаў,  дзейства вядуць маладыя дзяўчаты і жанчыны. На ўсіх скрыжаваннях яны заводзяць карагоды і вераць, што напевы падораць ў будучым здароўе і добры ўраджай. Да гісторыі дакранулася Ганна Кавалёва.

Колькі гадоў гэтым песням, не могуць адказаць ні мясцовыя старажылы, ні гісторыкі. Сыходзяцца ў адным - спевам не адно стагоддзе. Спрадвеку па ўсіх канонах іх выконваюць у вёсцы Маркавічы. Абрад жыве і ў нашы дні.

Згодна са сцэнарыем,  на ўсіх сельскіх скрыжаваннях дзяўчаты заводзяць старажытныя карагоды. Тут іх называюць танкамі. Мэта - прыцягнуць ўраджай і здароўе для мясцовых жыхароў.

Былыя пакаленні вяскоўцаў верылі, што мелодыі абароняць іх і ад прыродных стыхій. Таму рытуал заўсёды праводзілі вясной, на другі дзень Вялікадня. Да яго далучаліся дзясяткі чалавек. Аднак, як памятаюць, паўстагоддзя таму ва ўмовах савецкай ідэалогіі абрад мог спыніць сваё існаванне.

Ужо таемна абрад працягваў існаваць. З часам носьбіты абраднасці сталі сыходзіць з жыцця, а разам з імі і старажытная традыцыя. Новыя пакаленні маркаўчан адрадзілі абрад толькі праз 40 гадоў пасля яго падаўлення. І сёння, як і стагоддзе таму, тут апранаюць народныя касцюмы і адпраўляюцца па вуліцах вадзіць Сулу.

2 гады таму мясцовыя жыхары пачалі збіраць навуковае абгрунтаванне абрада. Запісалі песні, правялі іх расшыфроўкі, узялі інтэрв’ю ў носьбітаў традыцыі. Вялікую папку аб’ёмам 500 лістоў са здымкамі перадалі ў Міністэрства культуры з прапановай: надаць традыцыі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нарэшце сёлета абрад прайшоў ужо ў новым статусе. 

Дарэчы, усяго ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі  125 пунктаў. "Ваджэнне Сулы" стаў 11-м абрадам Гомельскай вобласці, уключаным у дзяржаўны спіс.