Адразу некалькі населеных пунктаў Віцебскай вобласці ўвайшлі ў лік пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні

27 июля 2019

Аграгарадкі, вёскі і гарады ўсіх рэгіёнаў краіны ацэньвалі адразу па некалькіх паказчыках - камфортнае пражыванне людзей, азеляненне тэрыторыі, асвятленне вуліц і двароў. Дарэчы, у вёсцы Мярэцкія Глыбоцкага раёна да дабраўпарадкавання сваёй малой радзімы актыўна далучаюцца мясцовыя жыхары.
З імі пазнаёмілася мая калега Марына Раманоўская.

Мясцовыя жыхары расказваюць - у іх вёсцы няма ні аднаго пустога дома. Шмат прыезджых, якія аддалі перавагу рамантыцы сельскай мясцовасці. Умовы тут усё ж больш гарадскія. Прапаную экскурсію.

Кветнікі, альпійскія горкі, дэкаратыўныя скульптуры. Лета - выдатная пара, каб убачыць усю прыгажосць вёскі Мярэцкія. Вось такія арт-аб’екты тут усталяваны па ўсёй тэрыторыі. Таму і не выпадкова населены пункт – сярод лепшых па выніках рэспубліканскага конкурсу па добраупарадкаванні.

Фаіна Козел працуе у мясцовым ФАПе. Для душы вырошчвае кветкі. Да прыгожай справы далучыліся і суседзі - вясной і летам шматкватэрны дом патанае ў раслінах.

У Мярэцкіх жыве крыху больш за 400 чалавек. Шмат маладых і мнагадзетных сямей. Надзея і Віталь Жук чакаюць пятае дзіця. Маладыя бацькі расказваюць: у іх вёсцы для ўтульнага жыцця ёсць усе неабходнае - дзіцячы сад, школа, ФАП, магазін. Таму змяніць прапіску на гарадскую ніколі не планавалі. Зараз будуюць у вёсцы дом. Паспяваюць і ў гаспадарцы - на трох гектарах вырошчваюць бульбу, зерне, гародніну.

Нядаўна завяршылася мадэрнізацыя станцыі абезжалезвання. І зараз вада ў кватэрах мясцовых жыхароў толькі высокай якасці. У вёсцы – цэнтралізаванае ацяпленне. Хутка у Мярэцкія прыйдзе і блакітнае паліва.

Прываблівае вёска і бізнэс. У прыватным магазіне - асартымент не горшы, чым у гандлёвых кропках райцэнтра. Хутка тут з’явіцца і кафэ.