Спартыўна-патрыятычная гульня "Зарніца" сабрала 250 юных армейцаў

9 июня 2018

Жлобінская зямля сабрала 250 юных армейцаў Гомельскай вобласці. Палатачны лагер, палявыя ўмовы жыцця і экзамен на валоданне зброяй. Усё гэта - спартыўна-патрыятычная гульня "Зарніца". Раз на год самыя смелыя школьнікі правяраюць у ёй свае веды, навыкі і стойкасць. 

Першым экзаменам для ўдзельнікаў "Зарніцы" стала выпрабаванне бытам: наладзіць яго ў лесе, абуладкаваць часовае жыллё і навучыцца жыць без кватэрнага камфорту цэлых 9 дзён.

"Зарніца" - гульня ў першую чаргу ваенная, таму і афіцыйная тэрміналогія тут адпаведная. Замест каманды - аддзяленне, замест удзельнікаў - юныя армейцы. Самыя першыя спаборніцтвы - зборка і разборка аўтамата плюс стральба.

Вінтоўкі, праўда, не баявыя - пнеўматычныя. Затое падрыхтоўка сур'ёзная. Усе ўдзельнікі лагера - пераможцы раённых этапаў. Да абласнога рыхтаваліся мэтанакіравана.

Гісторыя спартыўна-патрыятычнай гульні "Зарніца" налічвае паўстагоддзя, але ў сучасным выглядзе ў Гомельскай вобласці праводзіцца толькі шосты раз. У праграме - ваенна-прыкладныя, турыстычныя, спартыўныя, інтэлектуальныя мерапрыемствы. Сёлета ўпершыню запланавана ваенная рэканструкцыя. Сярод удзельнікаў 250 чалавек ад 13 да 14 гадоў. 25 каманд з усіх раёнаў вобласці.

12 чэрвеня гульня завершыцца. Ва ўдзельнікаў пачнецца летні адпачынак за выключэннем каманды-пераможніцы. Яна разгорне падрыхтоўку да рэспубліканскага этапа, які адбудзецца ўжо ў гэтым месяцы.