Сумесны праект IT-спецыялістаў і медыкаў праходзіць тэсціраванне

16 декабря 2017

Ноу-хау з Брэста! Упершыню ў Беларусі распрацавана праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе кантраляваць донарскую кроў на ўзроўні ад вены да вены. Сумесны праект IT-спецыялістаў і медыкаў праходзіць тэсціраванне на рэгіянальным этапе, а ў перспектыве стане рэспубліканскім. Інавацыйныя распрацоўкі ажыццяўляюць рэзідэнты Брэсцкага тэхнапарка. А ўсяго тут ужо больш за 30 прадпрыемстваў. Якія ж інавацыі яны прапаноўваюць, даведалася Вікторыя Патоня.

Гэтая каманда маладых айцішнікаў распрацоўвае мабільны дадатак для смартфонаў, які дазволіць апынуцца ў пэўным месцы за лічаныя хвіліны. Віртуальна. Каб разведаць становішча, адпраўляецца запыт. І на тэлефон паступаюць адказы ад людзей, што знаходзяцца ў радыусе яго дзеяння. Сваю распрацоўку праграмісты назвалі “Рэпорт”, у перакладзе - “зваротная сувязь”. Зараз IT-прадукт знаходзіцца ў тэставым рэжыме, а ў пачатку года яго плануюць запусціць у агульнае карыстанне па ўсім свеце. Яшчэ адзін рэзідэнт Брэсцкага тэхнапарка працуе над унікальным праектам “Донар”. Камп’ютарная распрацоўка дазваляе кантраляваць перамяшчэнне донарскай крыві на ўсіх этапах, ад вены да вены.

Прынцып праекта ў тым, што ўся інфармацыя пра донара знаходзіцца ў своеасаблівай электроннай картцы. Няякасны прадукт сістэма блакіруе.

Зараз праграмная распрацоўка тэсціруецца ў 10 бальніцах і паліклініках рэгіёна. Асноўная пляцоўка - абласная станцыя пералівання крыві. Ужо ў наступным годзе вопыт плануюць распаўсюдзіць па ўсёй краіне і задзейнічаць больш за 450 устаноў аховы здароўя.

Знайсці донара ў рэжыме анлайн па камп’ютары або смартфоне можна за некалькі хвілін. У экстраннай сітуацыі рэсурс сам знойдзе неабходны фенатып. Плюсы і мінусы распрацоўкі медыкі ўжо ацанілі.

Экалагічны і энергаэфектыўны праект рэалізоўвае і гэтае прадпрыемства па вырабе абсталявання для перапрацоўкі палімераў. Пластыкавыя бутэлькі, плёнка ачышчаюцца і трапляюць на другасную перапрацоўку. Агрэгаты - уласная распрацоўка рэзідэнтаў парка. Падобныя лініі экспартуюцца ў Расію, Казахстан, Прыбалтыку і Польшчу.

Сёння рэзідэнтамі Брэсцкага тэхнапарка з’яўляюцца больш за 30 прадпрыемстваў. 40 % з іх задзейнічаныя ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Таксама рэзідэнты тэхнапарка маюць некаторыя перавагі ў падаткаабкладанні і арэндзе памяшканняў. Але галоўнае, тут нараджаюцца новыя карысныя ідэі, якія маюць шанц рэалізавацца.