Супрацоўнікі службы ратавання на водах пераходзяць на ўзмоцнены рэжым працы

29 декабря 2018

Зіма падносіць чарговыя сюрпрызы. Ужо некалькі дзён тэмпература паветра днём падымаецца вышэй за нуль. А ў некаторых рэгіёнах нават прайшлі дажджы. Як вынік, лёд на вадаёмах становіцца менш трывалым. Таму, каб прадухіліць магчымыя надзвычайныя выпадкі на лёдзе, супрацоўнікі службы ратавання на водах на навагоднія і калядныя святы пераходзяць на ўзмоцнены рэжым працы. Сітуацыю на вадаёмах Гродзеншчыны вывучыў Юрый Карняловіч.

Кожную раніцу ратавальнікі гродзенскай станцыі “Юбілейная” пачынаюць з патрулявання возера. Плошча вадаёма - некалькі дзясяткаў гектараў, таму ў рэйд выходзяць адразу тры мабільныя групы. Работы, прызнаюцца “асводаўцы”, хапае, гэта любімае месца для дзясяткаў аматараў зімовай рыбалкі. І далёка не ўсе з іх, выходзячы на лёд, прытрымліваюцца правілаў бяспекі.

Для рыбака з пяцідзесяцігадовым стажам Міхаіла Назарэнкі такая ўвага з боку ратавальнікаў, хучэй, гарантыя бяспекі, чым непатрэбны клопат. Тое, што на лёдзе ў любы момант можа здарыцца надзвычайная сітуацыя, пенсіянер ведае не па чутках. Самому не раз прыходзілася ратаваць бестурботных калег. Таму на зімнюю рыбалку ён прыходзіць, што называецца, ў поўным узбраенні.

Прафесія ратавальнікаў на вадзе - адна з нямногіх, якая прымушае знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Сітуацыя на вадаёме можа мяняцца некалькі разоў за дзень. Начныя маразы і адліга днём робяць небяспечным нават, здавалася б, самы моцны лёд. Таму трэніроўкі супрацоўнікаў выратавальнай станцыі праходзяць рэгулярна.

Прадухіліць трагедыю на лёдзе аднымі толькі сіламі ратавальнікаў дастаткова складана. Таму супрацоўнікі АСВОДа праводзяць маштабныя прафілактычныя акцыі. Сустракаюцца з людзьмі на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі, расказваюць пра правілы паводзін на вадаёмах зімой.

На жаль, статыстыка сведчыць аб абыякавых адносінах людзей да сваёй бяспекі. Так, у Гродзенскай вобласці з пачатку года на вадаёмах ужо загінулі 55 чалавек, 5 з іх - дзеці. Наперадзе навагоднія і калядныя святы, ратавальнікі ў гэты перыяд чакаюць асаблівага наплыву адпачывальнікаў на рэкі і азёры. Аднак надвор’е прагназуецца не зусім зімовае.

Каб свята не ператварылася ў трагедыю, у найбліжэйшыя два тыдні патруляваць вадаёмы гродзенскім ратавальнікам будуць дапамагаць валанцёры. У выпадку крайняй неабходнасці не выключана поўная забарона выхаду на тонкі лёд.