Жыхары аграгарадка Лапічы маюць нараканні на работу мясцовай бальніцы

4 февраля 2017

Што цікавага адбываецца і што самае актуальнае – абмяркуем на працягу гадзіны. Пасля заканчэння эфіру будзе працаваць зваротная сувязь. Званкі прымаем па тэлефоне ў Мінску

Дарэчы, адзін з першых званкоў паступіў з Асіповіцкага раёна. Жыхары аграгарадка Лапічы маюць пэўныя нараканні на работу мясцовай участковай бальніцы. Незразумелы графік работы і адсутнасць вузкіх спецыялістаў – асноўныя праблемныя моманты. Наша здымачная група выехала на месца падзей, каб даведацца, як працуюць ФАПы на сяле. Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Наталля Налівайка, маці дваіх дзяцей, у паліклініку вымушана хадзіць часта. Дзеці хварэюць – без меддапамогі не абысціся. Жыхарцы аграгарадка Лапічы пашанцавала: участковая бальніца пад бокам. Праўда, жанчына наракае: вузкіх спецыялістаў не хапае, ды і працэдуры можна зрабіць далёка не ўсе. А да райцэнтра кіламетраў 25.

Сапраўды, тлумачыць галоўны ўрач, педыятра тут няма. Аднак яго замяняе новы спецыяліст – урач агульнай практыкі. Гэта і тэрапеўт, і педыятр і хірург-акуліст-лор-спецыяліст. Зараз у Магілёўскай вобласці займаюцца перападрыхтоўкай спецыялістаў. У першую чаргу такія ўрачы якраз і працуюць у сельскіх бальніцах і амбулаторыях.

Прымаюць тут пацыентаў да 14-ці гадзін, а па суботах – да 12-ці, потым урачы ходзяць па выкліках. З экстраннымі і складанымі выпадкамі спраўляюцца ўрачы хуткай дапамогі: даехаць да райцэнтра, згодна з нарматывам, яны павінны за 30 хвілін.

У маленькіх вёсках першую дапамогу аказваць у ФАПах. Урачоў тут няма, фельчар звычайна адзін з самых паважаных людзей. Толькі ў Мінскай вобласці амаль 400 такіх станцый першай дапамогі.

Спецыялісты сцвярджаюць: новыя ФАПы адкрывацца не будуць, усё ж такі з кожным годам колькасць насельніцтва ў вёсках памяншаецца, таму шукаюць новыя формы работы з насельніцтвам. Мабільнага фармату. Год таму ў Крупскім раёне ўпершыню ФАП паставілі на колы. Раз на месяц брыгада медыкаў наведвае нават самыя аддаленыя вёскі, дзе жывуць усяго па 5-10 чалавек.

Вопыт Крупскага раёна паказаў: пілотны праект мае ўсе шанцы стаць практыкай і ў іншых раёнах. Па-першае, меддапамога сама знаходзіць сваіх пацыентаў, а па-другое, пацыенты такіх перасовачных ФАПаў маюць магчымасць рэгулярна праходзіць прафілактычны медагляд.