Падзеі паўночнага рэгіёна

21 июля 2018

28 шматдзетных сем'яў у Шуміліне справілі ўваходзіны, а па суседстве – у пасёлку Обаль – пачала працаваць новая станцыя абезжалезьвання. Раней жалеза ў вадзе тут значна перавышала норму. Тым часам у фестывальны Віцебск з’ехаліся дзелавыя колы Беларусі, Расіі і Літвы, каб абмеркаваць новыя сумесныя праекты ў інавацыйных сферах. Аб гэтых і іншых падзеях паўночнага рэгіёна - у нашым дайджэсце.

Расказвае Вольга Маслоўская.

У гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна ўвялі ў эксплуатацыю станцыю абезжалезьвання. Да гэтага ў населеным пункце, дзе пражываюць больш за дзве тысячы чалавек, жалеза ў вадзе перавышала дапушчальныя нормы ў чатыры разы. Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё" і "Чыстая вада" мясцовыя жыхары будуць забяспечаныя нармальнай пітной вадой. Станцыя пабудаваная з выкарыстаннем сучасных тэхналогій у сферы водаачысткі. Яна разлічана на ачыстку 55 кубаметраў вады за гадзіну. Колькасць жалеза ў вадзе пасля апрацоўкі змяншаецца ў 10 разоў.

Новы 32-кватэрны дом на месяц раней за запланаваныя тэрміны ўвялі ў гарадскім пасёлку Шуміліна. Яго навасельцамі сталі 28 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 95 дзяцей. Будоўлю даверылі спецыялістам мясцовай ПМК-70. Яны творча падышлі да справы. Дом зрабілі прывабнай канфігурацыі, каб абысці высакавольтную лінію. Дзіцячая пляцоўка, дзве стаянкі для машын, пляцоўка для кантэйнераў са смеццем. Упершыню ў райцэнтры паклалі плітку з тактыльным пакрыццём для зручнасці людзей з інваліднасцю.

Традыцыйны бізнес-форум у рамках фестывалю "Славянскі базар" прайшоў ў Віцебску. Дзелавыя колы з Беларусі, Расіі і Літвы сустрэліся з кіраўніцтвам вобласці і абмеркавалі рэалізацыю сумесных праектаў у сферы лагістыкі, будаўніцтва і гандлю. У рамках бізнес-форуму ладзілася кантактна-кааперацыйная біржа і круглыя сталы.

"Вобраз, традыцыя і час". Выстава фрэскавага жывапісу Полацка, Пскова і Ноўгарада адкрылася ў галерэі храма Праабражэння Гасподняга ў Віцебску. Прадэманстраваныя работы – гэта копіі фрэскавага жывапісу. Некаторыя фрэскі ўжо зніклі, і гэтая выстава – адзіная магчымасць убачыць іх. Экспазіцыя больш за 30 гадоў знаходзілася ў архівах акадэміі і не была вядомая шырокаму колу гледачоў.

У работах бачная сувязь з візантыйскім мастацтвам, але ў той жа час выдатна прасочваецца і почырк славянскага іканапісу. Кожная копія – карпатлівая праца мастака, дэталёвае вывучэнне кожнага сантыметра палатна, дакладнае перанясенне яго на матэрыял.