Падзеі Гродзенскага рэгіёна

13 июля 2019

Толькі ў ліпені больш як 50 студэнцкіх атрадаў задзейнічана на будаўнічых аб’ектах Гродна. Для школьнікаў старэйшых класаў у горадзе над Нёманам арганізаваны першы ў краіне аграрны летні лагер. І лепшыя маладыя ІТ-спецыялісты з Беларусі, Бразіліі, Літвы, Украіны і Расіі рыхтуюцца да чэмпіянату свету па спартыўным праграміраванні ў купалаўскім універсітэце. Гэтыя і іншыя цікавыя падзеі Гродзенскага рэгіёна - далей у дайджасце.

У Гродзенскай вобласці толькі ў ліпені плануецца працаўладкаваць амаль 800 юнакоў і дзяўчат. Ужо створана і актыўна дзейнічае больш 50 студэнцкіх атрадаў, пераважная большасць якіх працуе ў абласным цэнтры. Кірункі дзейнасці самыя розныя - ад педагагічных і сельскагаспадарчых да сэрвісных і турыстычных. Самымі запатрабаванымі сёлета з’яўляюцца будаўнічыя атрады. Сотні маладых людзей у Гродне працуюць на рэканструкцыі школ. Напрыклад, у 16-ай плануюць поўнасцю мадэрнізаваць харчовы блок і замяніць усе вокны і дзверы.

З карысцю праводзяць летнія канікулы і гродзенскія школьнікі. Амаль 100 вучняў старэйшых класаў, якія займаюцца ў профільных аграрных класах, адпачылі ў першым спецыялізаваным сельскагаспадарчым лагеры. Дзеці наведвалі розныя факультэты Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, профільныя прадпрыемствы і гаспадаркі рэгіёна. Актыўна знаёміліся з азамі будучай прафесіі. Ужо ў наступным годзе ў аграрны летні лагер запросяць дзяцей з іншых рэгіёнаў краіны.

Міжнародныя зборы па спартыўным праграміраванні прайшлі ў Гродне. Каля 50 таленавітых студэнтаў з Беларусі, Бразіліі, Літвы, Украіны і Расіі адточвалі свае веды на базе купалаўскага ўніверсітэта. Заняткі былі арганізаваны сумесна з Цэнтрам развіцця ІТ-адукацыі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута і з’яўляліся абавязковай часткай падрыхтоўкі да сусветнага чэмпіянату па спартыўным праграміраванні. На працягу тыдня студэнты рашалі сотні трэніровачных заданняў, прайшлі камп’ютарныя анлайн-курсы.

Самы старажытны ў Беларусі - гродзенскі Некропаль - будзе ўключаны ў нацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Паводле ацэнкі спецыялістаў, пахаванняў, якія маюць гістарычнае і культурнае значэнне, у цэнтры Гродна амаль тысяча. Акрамя таго, тут пахаваны і вядомыя гістарычныя дзеячы – маці Максіма Багдановіча – Марыя, Эліза Ажэшка, Іван Мураўёў. Зараз праводзяцца дадатковыя навуковыя даследаванні і рэстаўрацыя старажытных помнікаў. Змяніць свой статус рыхтуюцца і жылыя дамы на вуліцы Міцкевіча. Будынкі з’яўляюцца яскравым прыкладам гарадской архітэктуры канца 19 пачатку 20 стагоддзя.



Зараз чытаюць