Са школьнай парты – у маладыя навукоўцы

1 апреля 2017

Магілёўскі школьнік Данііл Шаройкін прадставіць нашу краіну на Міжнародным водным конкурсе ў Стакгольме. У фінале нацыянальнага адбору юнак прапанаваў работу па вызначэнні якасці калодзежнай вады у населеных пунктах усходняга рэгіёна Беларусі. Стаў пераможцам і атрымаў пуцёўку ў Швецыю да самой кронпрынцэсы Вікторыі, пад яе патранажам і праходзіць конкурс.

З маладым навукоўцам сустрэліся нашы карэспандэнты. Данііл Шаройкін з навукамі на "ты". І кожны паход у школу для вучня 9 класа 18-ай магілёўскай школы, хутчэй, наведванне клуба па інтарэсах, дзе таленавітым асаблівая ўвага.

Хочаш ведаць больш за школьную праграму? Калі ласка! І з літаратурай дапамогуць, і нават у міжнародных праектах прапануюць паўдзельнічаць. Напрыклад, па даследаванні калодзежнай вады. У выніку аб’ехалі нямала вёсак і ўзялі нямала проб.

Вада ў большасці калодзежаў аказалася ідэальнай для піцця. Аднак сельскім жыхарам трэба больш увагі надаваць іх чысціні. Вынікі даследаванняў ляглІ ў аснову навуковай працы юнага вучонага. Ён нават партатыўны прыбор змайстраваў для выяўлення шкодных рэчываў у вадзе.

Навуковая праца магілёўскага школьніка стала пераможцам нацыянальнага этапа Міжнароднага воднага конкурсу. Такой навіне ў Дзяржаўным універсітэце імя Куляшова толькі рады. Іх база ў рамках праекта “Захавай ваду для нас і нашчадкаў” пры фінансавай падтрымцы кааліцыі “Чыстая Балтыка” ўжо не першы год становіцца пляцоўкай для навуковых работ школьнікаў. Данііл Шаройкін – часты госць.

Юнага навукоўца з Беларусі разам з іншымі 30 прадстаўнікамі розных краін свету ўжо чакаюць у Швецыі. У жніўні з імі сустрэнецца сама кронпрынцэса Вікторыя.

На сем дзён Стакгольм стане воднай сталіцай планеты. Вядучыя спецыялісты з усяго свету збяруцца, каб абмеркаваць актуальныя праблемы захавання водных рэсурсаў Зямлі. Пераможцы нацыянальных этапаў атрымаюць магчымасць пагутарыць з лідарамі сусветнай навукі і завесці новыя знаёмствы.