Снежная зіма для дзікіх звяроў і птушак свайго роду выпрабаванне

19 января 2019

Здабываць корм самастойна няпроста. Таму выжыць у гэты перыяд лясным жыхарам дапамагаюць людзі. У лясніцтвах арганізаваны спецыяльныя "сталовыя", а ў дварах развешваюць кармушкі для крылатых.

Вікторыя Патоня пацікавілася зімнім рацыёнам дзікіх жывёл. Падчас халадоў пад снежнай коўдрай дзікім жывёлам няпроста здабываць падножны корм. Асабліва цяжка пераносяць голад казулі. У сярэдзіне зімы ў іх адрастаюць рогі і добра харчавацца неабходна. Таму леснікі і паляўнічыя дапамагаюць дзікаму зверу выжыць. Чатыры гады таму на гэтым ўчастку леса ў асноўным вадзіўся пушны звер. Сёння тут заказнік закрыты для палявання, а разнастайнасць і папуляцыя дзікіх жывёл павялічылася.

Побач са "сталоўкамі" ўсталяваны вышкі. Тут за жывёламі лепш назіраць. Да кармушак капытныя прыходзяць, але чалавеку часцей за ўсё прыходзіцца лічыць іх па слядах. У зімовым рацыёне парнакапытных буракі, зерне, сена і соль. Апошняя дапамагае папоўніць дэфіцыт мікраэлементаў. Але на першым месцы па папулярнасці вось такія палі. Восенню тут убіралі кукурузу. І страты пакінулі, каб звер змог падабраць катахі зімой. Як ні дзіўна, не прабягаюць міма і зайцы.

Без дапамогі чалавека не абысціся некаторым крылатым. Зрабіць рацыён сініц, соек, зелянушак, дзятлаў больш каларыйным у другой палове зімы неабходна. Ужо ў гэтыя выхадныя грамадскае аб’яднанне "Ахова птушак Бацькаўшчыны" прапануе кожнаму нераўнадушнаму паўдзельнічаць у акцыі "Птушкі ля кармушкі". Дапамагчы крылатым і падлічыць іх.

Як кажуць арнітолагі, птушкі гінуць не ад холаду, а ад голаду. Развесіць кармушкі ў дварах, на тэрыторыі школ і дзіцячых садкоў няцяжка. І тут важна падкормліваць, а не карміць, каб госці не развучыліся самастойна здабываць ежу. Пажадана пакласці ў кармушку насенне лёну, сланечніку ці проса. Натуральныя прадукты.

Даўно застаюцца зімаваць на вадаёмах рэгіёна вадаплаўныя. Па віне людзей, якія нават летам падкормліваюць лебедзяў і качак. Прычым, частаваць птушак хлебам - вялікая памылка. Ад гэтага яны хварэюць. Лепш пачаставаць іх аўсом ці пшаніцай.

Толькі ў лясгасах Брэсцкай вобласці арганізавана каля 150 месцаў для падкормкі жывёл. Гэта дазваляе перажыць маразы звярам і птушкам і захаваць біяразнастайнасць краю.