Слуцку - 900 гадоў

27 февраля 2016

Аднаму з самых старажытных гарадоў нашай краіны - Слуцку - сёлета 900 гадоў. Сімвалічна юбілей супаў з Годам культуры. Пачалі яго святочным цыклам "Слуцку прысвячаецца". Запланаваны шматлікія канцэрты, у продажы з'явяцца новыя сувеніры, а ў гістарычнай частцы - бронзавая кампазіцыя жанчыны-легенды Анастасіі Слуцкай. Наш карэспандэнт Аляксандра Драгун пабывала на радзіме слуцкіх паясоў і даведалася аб планах горада-юбіляра.

Слуцк - адзін з трыццаці беларускіх гарадоў, якія ўзгадваюцца ў старажытных рукапісах. Вядомы яшчэ з пачатку XII стагоддзя, горад пасля атрымання Магдэбургскага права стаў значным гандлёвым і культурным цэнтрам, якім з'яўляецца і сёння. Сусветную вядомасць Слуцку прынесла мануфактура, якая існавала ў XVIII стагоддзі. Ткацкія вырабы з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак сталі брэндам Беларусі. І сёння традыцыі слуцкіх майстроў не забытыя.

Праўда, замест мануфактуры - прадпрыемства з абсталяваннем, аналагаў якому няма ў свеце. На такіх сучасных станках ткуць копіі рарытэтных убораў княжацкіх асоб. Працэс аўтаматызаваны і скрупулёзны. Каб саткаць тры метры пояса з нацыянальным арнаментам, патрэбна 60 гадзін.

Дзень горада ў Слуцку традыцыйна святкуюць у верасні, таму і маштабныя гулянні з нагоды 900-годдзя пройдуць таксама на пачатку восені. А пакуль народныя ўмельцы працуюць над сувенірамі для гасцей і замежных дэлегацый. Сёлета плануюць выткаць на ручніку спрадвечна слуцкі арнамент, рэшткі якога знаходзяцца ў архіве рамеснікаў.

У Слуцку асабліва шануюць і працягваюць культурныя традыцыі. Тут працуе школа мастацтваў, дзіцячы цэнтр творчасці, краязнаўчы музей, дом фальклору і рамеснікаў. Тры дзясяткі творчых калектываў маюць статус народнага і ўзорнага.

Без харэаграфічнага ансамбля "Кордэс" не праходзіць ніводнае абласное і гарадское свята. Ад народных да гісторыка-бытавых танцаў - увесь рэпертуар падуладны калектыву з 20-гадовай гісторыяй.

За кулісамі - больш за 3 тысячы ўбораў для трох дзясяткаў калектываў, што працуюць у Доме культуры. Дарэчы, гэта галоўная канцэртная пляцоўка горада. Штогод на сцэне праходзіць амаль 600 тэатралізаваных пастановак, вечароў харавой музыкі і танцавальных фестываляў. Безумоўна, у юбілейны год, які да таго яшчэ супаў з Годам культуры, урачыстасцей будзе больш.

Юбілей горада пачалі святочным цыклам "Слуцку прысвячаецца". У праграме - рыцарскія паядынкі, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, танцавальныя турніры, выставы. А ў гістарычным цэнтры Слуцка ўсталююць бронзавы помнік Анастасіі Слуцкай - апякункі аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі.



Зараз чытаюць