Складаныя аперацыі на вачах могуць выконваць у Магілёўскай абласной бальніцы

22 октября 2016

Сюды даставілі сучаснае абсталяванне, пры дапамозе якога можна, напрыклад, замяніць хрусталік вока без швоў.

Якія яшчэ інавацыі ўкаранілі магілёўскія ўрачы, ведае Крысціна Каранкевіч. Валянціна Фядосаўна спадзяецца, што хутка зможа добра бачыць. Аперацыю ёй будуць рабіць пры дапамозе новага абсталявання. Медыкі называюць яго адным з перадавых у афтальмалогіі.

Каб працаваць на новым абсталяванні, урачы прайшлі стажыроўку за мяжой. Цяпер амаль 90% аперацый на вачах праводзяць з дапамогай мікраўмяшання.

У пачатку наступнага года апарат пачнуць выкарыстоўваць на поўную магутнасць. Дзякуючы таму што аперацыя праводзіцца без швоў, з мінімальным тэрмінам рэабілітацыі, пацыент вяртаецца да звычайнага жыцця значна раней. Напрыклад, вадзіцель можа пачаць працаваць ужо праз 6 месяцаў. А фізічныя нагрузкі магчымыя праз два месяцы.

Штогод у абласной бальніцы аперыруюць каля 1200 пацыентаў з катарактай. Прычым бясплатна, пацыент набывае толькі хрусталік.

Пасля замены хрусталіка некаторыя нават займаюцца вышываннем. Не адмаўляцца ад звычайнага рытму жыцця і любімых спраў дапамагаюць і артапедычныя аперацыі, якія таксама паспяхова асвоілі ў Магілёўскай абласной бальніцы. Уладзімір Цімошчанка мог застацца інвалідам. Але дзякуючы своечасовай аперацыі па замене каленнага сустава сёння ходзіць без апоры.

Уладзіміру ўставілі штучны сустаў другі раз. Справа ў тым, што з цягам часу імплантант зношваецца, і яго прыходзіцца замяняць. Такія паўторныя аперацыі лічаць аднымі з самых складаных у артапедыі.

Пра актуальнасць і запатрабаванасць артапедычнага ўмяшання сведчаць і лічбы. Летась у вобласці правялі 100 аперацый па замене каленных суставаў.