Славянскую вёску адновяць у Белавежскай пушчы

3 августа 2019

У нацыянальным парку пачаліся археалагічныя раскопкі. Сярод знаходак больш за сотню артэфактаў. Некаторыя з іх датуюцца II стагоддзем нашай эры. Усе яны ўвойдуць у будучую экспазіцыю музея пад адкрытым небам. Марыя Тройніч ведае падрабязнасці.

Пад пэндзлікамі археолагаў з-пад пяску праступае жывая гісторыя. Сотні стагоддзяў таму гэтыя прадметы трымалі ў руках нашы далёкія продкі. Крамяневы нож, сякерка - ужо без дэталёвага вывучэння знойдзеных артэфактаў можна гаварыць, што нават 5 тысяч гадоў таму нашы продкі займаліся сельскай гаспадаркай.

Усяго на месцы старажытнага паселішча археолагі зрабілі дзесяць раскопаў. Па адным на кожнай знойдзенай пабудове. Магутнасць культурнага пласта - ад 40 да 50 сантыметраў. Ён утрымлівае рэчы розных эпох. Навукоўцам дапамагаюць студэнты і валанцёры.

Унікальнасць зямель Белавежскай пушчы ў іх некранутасці. Апошні раз людзі на гэтым месцы жылі ў сярэднявеччы. Уявіць, як выглядала славянская вёска таго часу, можна будзе зусім хутка.

На месцы раскопаў пабудуюць музей пад адкрытым небам. Там адновяць быт сярэдневяковай беларускай вёскі. І ў асобным будынку змесцяць экспазіцыю са знойдзенымі прадметамі. Такі аб’ект адкрылі ў нацпарку месяц таму. Турысты могуць убачыць жыллё бронзавага веку і вуліцу ганчароў. Усе гэта таксама пабудавалі на месцы археалагічных даследаванняў.

Новы музей пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы зойме 18 гектараў. Яго плануюць пабудаваць да канца года.