Сезон школьнага шопінгу адкрылі ў Мінскай вобласці

23 июля 2016

Гэта больш за паўтысячы гандлёвых цэнтраў, якія прапаноўваюць у шырокім асартыменце канцылярскія тавары, абутак і адзенне для вучняў. Уборы з новай калекцыі як дзелавога стылю, так і штодзённага. Сёлетняя навінка - адзенне з жакардавай тканіны. Гэта матэрыял з перапляценнем буйных узораў. Таксама школьныя камплекты з камбінаваных палотнаў з імітацыяй карункаў, у гарошак і клетку. Амаль 90 школьных кірмашоў пройдуць да верасня ў кожным раённым цэнтры Мінскай вобласці.

Расклад – у матэрыяле Аляксандры Драгун. Да школьнага сезона ў цэнтральным рэгіёне адкрылі дадаткова больш за 40 гандлёвых пляцовак як у магазінах, так і пад адкрытым небам. Да канца жніўня запланаваны чатыры сотні выстаў, пашыраных продажаў і дэманстрацый новых калекцый школьных убораў. У Барысаве, Салігорску, Слуцку, Маладзечне і Жодзіне пройдуць вялікія школьныя кірмашы, куды свае тавары прывязуць усе прадпрыемствы краіны.

Рыхтавацца загадзя да Першага верасня ўвайшло ў звычку ў сям'і Савіцкіх. Трэці год запар кожны ліпень Валянціна са сваім сынам Станіславам наведваюць аддзелы школьнага адзення, абутку і канцылярскіх тавараў. Кажуць, пакуль няма ажыятажу і наплыву пакупнікоў, зручна разглядаць і ацэньваць новыя прапановы ад швейных фабрык.

У салігорскім універмагу для камфортнага шопінгу - чатыры сотні квадратаў з дзіцячым абуткам, трыкатажнымі і канцылярскімі таварамі. Да верасня будуць працаваць і дадатковыя гандлёвыя плошчы. Школьны кірмаш пад адкрытым небам - з аўторка па суботу.

Спадніцы з плісіроўкай, сукенкі з фартухом у рэтра-стылі, сарафаны з каўнерыкамі ручнога вышывання – для дзяўчынак. Для хлопчыкаў – прыталеныя касцюмы, пінжакі ў стылі кэжуал, камізэлькі з камбінаваных тканін і 18 мадэляў кашуль.

Кожны год да школьнага сезона на гэтай швейнай фабрыцы распрацоўваюць больш за 100 мадэляў дзелавога стылю. Урачыстасць штодзённым уборам надаюць дызайнерскія акцэнты. Ад далікатных карункаў да металічных упрыгажэнняў.

Пра знешні выгляд школьнікаў пачынаюць клапаціцца ў сакавіку. 4 месяцы ўвасабляюць дызайнерскія задумкі. У рэйтынгу найбольш папулярных убораў для вучняў - камплекты і сарафаны з камбінаваных тканін. Сёлетняе ноу-хау - адзенне з жакардавай тканіны, матэрыялу з перапляценнем буйных узораў.

Для дзяцей з нестандартнай фігурай беларускія прадпрыемствы выпусцілі адзенне-трансформер. Гэта штаны, дзе за кошт розных навацый можна мяняць аб'ём таліі, блузкі з трыкатажнымі ўстаўкамі і гарсэтамі.

Неад'емны атрыбут гардэробу любога школьніка - ранцы. На гэтым прадпрыемстве выпускаюць 150 мадэляў школьных заплечнікаў і сумак. Рукзакі, аздобленыя стужкамі, кнопкамі, вышыўкай і прынтамі з дзіцячых мультфільмаў. Дбаюць не толькі пра бездакорнасць сваёй працы, але і пра здароўе дзяцей.

Вялікі школьны кірмаш пройдзе і ў сталіцы. 20 і 21 жніўня на пляцоўцы ля Палаца спорту з'явяцца гандлёвыя павільёны з канцылярскімі таварамі, ранцамі, адзеннем і абуткам.