Сезон збору шышак

27 января 2018

Свой сезон збору ўраджаю, як ў аграрыяў, ёсць і ў лесаводаў. Шышкі - насенне для будучых пасадак - збіраюць, затым сушаць у шышкасушылках. Ураджайны сезон пачынаецца з канца восені і можа доўжыцца, у залежнасці ад ураджайнасці, 1-3 месяцы. Яловыя дажынкі - у матэрыяле Дзмітрыя Смірнова.

На двары - студзень. Мінус 10 на тэрмометры. Большасць з нас нават і не здагадваецца, што шышкі ўвогуле можна ўспрымаць як ураджай, які таксама вымяраюць цэнтнерамі з гектара. Але ж даходнасць, напрыклад, з той самай елкі ці кедра, не столькі фінансавая. Работнікі лясгаса сцерагуць будучыню зялёнай краіны. Каманда леснікоў па чарзе абыходзіць элітную плантацыю сосен і амаль што як яблыкі збіраюць хвойны ураджай. Дрэвы высаджаны радамі. Кожны год падчас збору шышак галіны падразаюць. Соснам працэдура не шкодзіць, наадварот, больш святла - большы ураджай на наступны год. 
Лепшыя з лепшых - гэта асобныя плантацыі сасны, елкі, еўрапейскай лістоўніцы, сібірскага кедра і белай піхты. Дарэчы, толькі апошняя выбіваецца з зімовых дажынак - шышкі піхты леснікі збіраюць у жніўні. Між тым, менавіта з такіх плантацый у Гродзенскім раёне потым па ўсёй Беларусі, частцы расійскіх лясоў і нават па Скандынаўскім паўвостраве раз’язджаюцца маладыя саджанцы. Летась Гродзенскі лясгас толькі для расійскага краю прадаў каля 370-ці тысяч саджанцаў елкі. 
Ураджай шышак пачынаюць збіраць яшчэ ў снежні і заканчваюць у студзені. Але тут у лесе толькі першы этап - асноўная перапрацоўка - на спецыяльным шышачным заводзе. 
Гэты комплекс бліз Шчучына адкрылі ў 2011-ым. З таго часу тут амаль як на Шпіцбергіне - галоўнае сховішча хвойнага насення ўсяго рэгіёна. На працягу зімы лясгасы звозяць сюды на перапрацоўку дзясяткі тон шышак. 
Спецыяльная сістэма амаль аўтаматычна чысціць шышкі, сушыць, раскрывае іх - сартуе насенне. У цэху і галоўная скарбніца - халадзільнік, дзе чакаюць адпраўкі па заказе сотні кілаграмаў насення. Толькі лічбы - 1 кілаграм насення елкі ў Швецыі каштуе каля 1000 еўра. Дарэчы, скандынаўскія леснікі з усяго рэгіёна працуюць толькі з астравецкім і смаргонскім матэрыялам. 
Яловыя дажынкі прадоўжацца амаль што да канца лютага. Апошнім часам у мясцовым халадзільніку захоўваюцца яшчэ і жалуды – таксама для аднаўлення будучых лясоў краіны. Леснікі толькі аб адным шкадуюць - чакаць зялёных дрэў з гэтага ўраджаю доўга - мінімум некалькі дзясяткаў гадоў. 



Зараз чытаюць