Сям’я Салаўёвых з аграгарадка Пушкі захапляецца лыжамі

5 января 2019

Сям’я Салаўёвых з аграгарадка Пушкі на Лёзненшчыне - людзі ў раёне вядомыя. Усе трое - муж, жонка і сын – захапляюцца лыжамі. Не аднойчы стаялі на п’едэстале раённых і абласных спаборніцтваў. А для трэніровак ў роднай вёсцы самі пабудавалі лыжню. З таго часу запрашаюць на лыжы мясцовых жыхароў, а траса стала месцам правядзення традыцыйнай лыжнай эстафеты.

 

Пра энтузіязм і любоў да спорту – рэпартаж Вольгі Маслоўскай. Прайшоў снег, і Ігар Салаўёў заводзіць старэнькі снегаход, каб паправіць лыжню. Пачынаецца яна акурат за яго сядзібай. Чаму не, калі сам трасу і будаваў. Любоў да спорту з маладых гадоў. На лыжы стаў падчас вучобы ў Гарадоцкім тэхнікуме, а там лыжня на зайздрасць. Чаму ў роднай вёсцы не мець такую ж? Падрос сын, разам пайшлі высякаць хмызняк.

 

З той пары мінула дзесяць гадоў. І ўвесь час сям’я Салаўёвых пільна сочыць і летам, і зімой за станам трасы.

 

Да стварэння аматарскай трасы Салаўёвы падышлі на самай справе прафесійна. Для пачаткоўцаў зрабілі круг 1700 метраў. Лыжня тут без рэзкіх паваротаў і перападу вышынь. А для тых, хто ўпэўнена адчувае сябе на лыжах, дыстанцыя больш доўгая і складаная.

 

Катаюцца самі, запрашаюць мясцовых жыхароў. З лыжамі прыязджаюць спартсмены з Лёзна і суседніх вёсак, нават з расійскіх. Да мяжы тут рукой падаць. А добрую лыжню ды ў прыгожым сасновым бары паспрабуй знайсці.

 

Кожны год Салаўёвы абараняюць гонар раёна на лыжных спаборніцтвах. Два сезоны запар з абласных стартаў лёзненская каманда прывозіць серабро. Але галоўным самі энтузіясты лічаць тое, што іх лыжня вабіць школьнікаў і натхняе маленькіх спартсменаў на будучыя перамогі.