Ядомыя шклянкі для кавы прэзентавалі у Гомелі

11 июня 2016

У Гомелі прэзентаваны ўнікальны для Беларусі стартап - ядомыя шклянкі для кавы. Студэнткі ўніверсітэта транспарту ўпэўненыя: такая прадукцыя будзе запатрабаваная беларускімі рэстаранамі і прыйдзецца даспадобы арганізатарам дзіцячых святаў. Што гэта за праект і якая на смак ядомая шклянка для кавы, даведаўся Яўген Пабалавец.

Вольга Пахвалава кажа, што ідэя іх стартапа нарадзілася стыхійна - гулялі па вуліцах горада і ўбачылі, як маладыя людзі п'юць каву з пластыкавага посуду і потым выкідваюць яго ў кантэйнер для смецця ці ўвогуле на асфальт. Так і з’явілася альтэрнатыўная прапанова - зрабіць безадходныя экалагічныя шклянкі.

З выгляду гэта звычайная шкляначка для кавы. Навацыя ў тым, што яе можна... з’есці.

На вытворчасць адной такой ядомай шклянкі патрэбна 30 хвілін. Пакуль наватары працуюць дома, самі вырабляюць формачкі, самі пякуць. У далейшым плануюць атрымаць ліцэнзію і адкрыць фірменны магазін.

Анастасія Лысенка і Дар’я Машніна, аўтары праекта: "У фірменным магазіне мы будзем прадаваць шкляначкі ручной работы, а кафейням пад заказ магчыма з іх лагатыпамі. Гэта будзе ўжо механізаваная праца".

Ідэя стварэння асаблівага посуду для кафейні ўпершыню прагучала на адным з конкурсаў, дзе студэнткі прэзентавалі свой стартап-праект. Тады першая партыя ядомых шклянак разышлася адразу.

Ганна Залужная, кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва бізнес-школы ў Гомелі: "Мы бачым тут цікавую ідэю для рэстаранаў высокай нацэначнай катэгорыі. Ідэю можна рэалізаваць, і яна будзе акуплівацца".

Тэрмін акупнасці праекта - восем месяцаў. Першы прыбытак бізнес-лэдзі плануюць атрымаць праз год. А пакуль распрацоўваюць не менш смелыя і арыгінальныя гастранамічныя ідэі.

Вольга Пахвалава і Анастасія Талантава, аўтары праекта: "Гэта могуць быць папяровыя талеркі з агародніны. Гэта вельмі цікава і перспектыўна. Ніша ў Беларусі свабодная. Адметная асаблівасць нашага стартап-праекта - навізна".

Пакуль працуюць па індывідуальных заказах. Ядомыя шклянкі прыйшліся даспадобы студэнтам, а таксама арганізатарам тэматычных вечароў і дзіцячых святаў.