Самы папулярны відэаблогер Віцебскай вобласці жыве ў Оршы

9 декабря 2017

Як пацвярджэнне - сярэбраная кнопка ад YouTube. Прэстыжную ўзнагароду адміністрацыя сэрвіса ўручае тым, хто змог сабраць сто тысяч падпісчыкаў. На канале жыхара райцэнтра іх больш за сто дваццаць тысяч. І колькасць расце з кожным днём. Мая калега Марына Раманоўская таксама ацаніла відэаролікі і пазнаёмілася з відэаблогерам, але не ў інтэрнэт-прасторы, а падчас асабістай сустрэчы.

Сваімі эмоцыямі Павел заўсёды гатовы падзяліцца з падпісчыкамі. І гэты раз - не выключэнне. У пасылцы - сярэбраная кнопка ад “Ютуб”. Пра такую прэстыжную ўзнагароду мараць многія. Для відэаблогера з Оршы мара стала рэальнасцю. Відэаролік, у якім Павел дэманструе сярэбраную кнопку, сабраў больш за шэсцьдзясят тысяч праглядаў. І амаль тысячу каментарыяў. Лічбы абнаўляюцца і ў гэтыя хвіліны.

Раней, расказвае Павел, ні здымаць, ні манціраваць не ўмеў. Цікавыя ракурсы пачалі атрымлівацца з цягам часу. Блогер здымае рэальныя гісторыі. Відэакамеру бярэ ў падарожжы, на трэніроўкі. Галоўнае - ніякіх пастановачных планаў.

Некаторыя відэаролікі набралі больш за мільён праглядаў. Сакрэт, расказвае блогер, просты: сюжэты з рэальнага жыцця атрымліваюцца вельмі шчырымі. А героем можа стаць любы чалавек. Павел верыць, што кожнае відэа і кожны прагляд - гэта дарога да фільма, які ў будучыні ён марыць зняць.

У найбліжэйшых планах Паўла - здзейсніць падарожжа да Уладзівастока на аўтамабілі. Здымкі з вандроўкі абавязкова з’явяцца на яго канале, дзе відэаблогер чакае ўражанняў ад сваіх падпісчыкаў.