Самыя значныя падзеі ўсходняга рэгіёна

9 марта 2019
Траса Р122 стане сучаснай - дадзены старт маштабнай рэканструкцыі. Больш за 10 з паловай тысяч тон гародніны - агуркоў і таматаў - плануюць сабраць за вясенні сезон ў Магілёўскай вобласці. А яшчэ шматлікімі святочнымі мерапрыемствамі быў напоўнены тыдзень усходняга рэгіёна. 

Пра  самыя значныя падзеі - Андрэй Ястрабаў. Дадзены старт маштабнай рэканструкцыі ўсходняй аўтатрасы Р122 у напрамку Чавусаў. Яна аб’ядноўвае адразу восем раёнаў з выхадам да мяжы з Расіяй. Спецыялісты сведчаць, нагрузка за паўвека яе эксплуатацыі павялічылася ў дзясяткі разоў, за суткі яна прымае да 13-ці тысяч машын. Нядзіўна, што прыйшоў час зрабіць дарогу больш сучаснай - бетоннай. Да таго ж колькасць палос павялічыцца ўдвая. На дапамогу прыйшлі касмічныя тэхналогіі. Да аднаўлення трасы далучыліся дарожнікі з Горак і Крычава. 

Больш за 10 з паловай тысяч тон агуркоў і таматаў у закрытым грунце збяруць сёлета за сезон аграрыі Магілёўскай вобласці. Першая партыя  гародніны ўжо на паліцах магазінаў. Пачаўся збор прадукцыі і на прадпрыемстве "Расвет". Магілёў, Бабруйск і Мінск ужо ведаюць яе смак. А таксама – Расія. Наступная пасадка - у ліпені пад другі ўраджай. 8 гектараў адведзена сёлета пад таматы. У цяпліцы працуюць  толькі жанчыны, і не выпадкова. 

Пра актыўнасць грамадскіх аб’яднанняў, якія павінны адыгрываць значна большую ролю ў жыцці беларусаў, ішла гаворка падчас выніковай канферэнцыі абласной арганізацыі «Белая Русь». Колькасць удзельнікаў яе павялічваецца штогод, сёння па краіне - гэта звыш 183 тысяч грамадзян. Да таго ж розных прафесій - ад настаўнікаў да ваенных. Быць гатовымі да сусветных выклікаў  і быць карыснымі на месцах - на прадпрыемствах, у гаспадарках - сёлета застаюцца галоўнымі задачамі самага маштабнага грамадскага аб’яднання краіны. 

У гонар прафесійнага свята і да 102-годдзя службы лепшым міліцыянерам Магілёўскай вобласці ўручаны ўзнагароды. За высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці, добрасумленнае выкананне абавязкаў шэраг супрацоўнікаў унутраных спраў адзначаны нагрудным знакам «За выдатную службу», падзякамі міністра, граматамі міністэрства і ўпраўлення ўнутраных спраў. Сярод іх - супрацоўнікі міліцыі грамадскай бяспекі, Дэпартамента аховы і ДАІ. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай. 

У гонар Дня міліцыі галоўны палац вобласці прымаў святочны канцэрт. Яго шаноўнымі гасцямі выступілі калегі са Смаленскай і Бранскай абласцей.