Самыя цікавыя падзеі Гродзенскага рэгіёна

2 марта 2019

У Гродне рэалізуецца праект па ўкараненні высокіх тэхналогій у медыцынскай сферы - спецыялісты хуткай дапамогі атрымалі сучасныя планшэты. Лясгасы рыхтуюцца да збору бярозавага соку. І сучасную спартыўную залу для фехтавання адкрылі ў абласным цэнтры. Самыя цікавыя падзеі Гродзенскага рэгіёна - у дайджэсце

Аказанне медыцынскай дапамогі ў рэжыме онлайн. У Гродне рэалізуецца праект па ўкараненні высокіх тэхналогій у сферы аховы здароўя. Сучасныя планшэты атрымалі спецыялісты станцыі хуткай медыцынскай дапамогі і кардыялагічнага цэнтра. Цяпер на выездзе ўрачы змогуць праз інтэрнэт перадаваць у клініку даныя пацыента, заўвагі медыка і нават кардыяграму. А калі спатрэбіцца тэрміновая шпіталізацыя, уся інфармацыя аб гэтым будзе на экране планшэта.

Лясгасы Гродзеншчыны рыхтуюцца да збору бярозавага соку. У сувязі з раннім прыходам вясны спецыялісты прагназуюць, што сёлета сок пойдзе ў самым пачатку сакавіка. Каб папярэдзіць самавольную нарыхтоўку, у рэгіёне ўстанаўліваюцца фотафіксатары ў месцах найбольш верагоднага парушэння прыродаахоўчага заканадаўства. Усяго плануецца ўстанавіць больш за 60 лясных камер. Так званыя фотапасткі рэагуюць на любы рух, адпаведна, доказ правапарушэння гарантаваны амаль на 100 працэнтаў.

У Прынёманні стартавалі масленічныя гулянні. Аднымі з першых з зімой развіталіся вучні Гродзенскай гімназіі №2. На прышкольным двары былі арганізаваны сапраўдныя тэатралізаваныя паказы з песнямі, гуляннямі і спальваннем пудзіла. Галоўным жа сімвалам свята сталі традыцыйныя бліны, якія вучні выпякалі разам з бацькамі.

Гродзенскія фехтавальшчыкі атрымалі ўнікальную магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень. У абласным цэнтры адкрылася сучасная зала для заняткаў гэтым відам спорту. Аб’ект разлічаны на трэніроўкі некалькіх дзясяткаў чалавек адначасова і аснашчаны сучасным абсталяваннем.

Гродзенскія фехтавальшчыкі ўжо акрэслілі свае амбіцыйныя планы. На найбліжэйшых алімпійскіх гульнях яны будуць змагацца за прызавыя месцы.

 

 



Зараз чытаюць