Самыя цікавыя навіны з паўночнага рэгіёна Беларусі

8 июля 2017

Сустрэча ля Кургана Дружбы - на стыку трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Латвіі. Тут зарадзілася яшчэ адна традыцыя - акрамя партызанскага, запалены і маладзёжны касцёр. 130-годдзе Марка Шагала - на радзіме майстра, у Віцебску. Адразу некалькі новых арт-аб’ектаў упрыгожылі абласны цэнтр.

Самыя цікавыя навіны з паўночнага рэгіёна Беларусі - у Марыны Раманоўскай. Традыцыя, якой больш за паўвека. Ля Кургана Дружбы на стыку трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Латвіі 58-мы раз адбылася міжнародная сустрэча. Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Трохметровы ўзгорак быў насыпаны па ініцыятыве партызан і падпольшчыкаў у памяць аб сумеснай барацьбе з ворагам. Цікава, што падчас гэтай сустрэчы, акрамя партызанскага кастра, запалілі і маладзёжны. Як сімвал дружбы ўсіх пакаленняў.

130-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала адзначылі ў розных краінах свету. На малой радзіме знакамітага мастака, у Віцебску, свята прайшло адразу на некалькіх пляцоўках. У абласным цэнтры адбыўся паказ дакументальнага фільма, працавала выстава фотадакументаў. Самым відовішчным момантам стала традыцыйнае свята "У гасцях у Марка і Бэлы" на знакамітай вуліцы Пакроўскай, дзе знаходзіцца Дом-музей Шагала.

Новы арт-аб’ект - дэкаратыўны паравозік - стаў упрыгажэннем Прывакзальнай плошчы Віцебска. Скульптура ўжо карыстаецца папулярнасцю сярод аматараў рабіць сэлфі на фоне цікавых аб’ектаў. Паравозік дэкарыравалі каванымі элементамі, а важыць ён больш за паўтоны. Адкрыццё кампазіцыі прымеркавалі да 155-годдзя Беларускай чыгункі.

Адпачыць з дарогі пасажыры могуць на інтэрактыўнай лавачцы. Гэты арт-аб’ект з’явіўся ў самым цэнтры Віцебска. Інтэрактыўную лаву называюць "сядзейкай", але на ёй можна не толькі пасядзець. Складаныя механізмы дазваляюць мяняць карцінку і ствараць розныя калажы. Галоўнае, кажуць аўтары эксперымента, - падключыць фантазію.