З лістапада пяць рэгіёнаў Гродзенскай вобласці раёны набудуць бязвізавы статус

12 октября 2019

Гістарычныя мясціны, фальклор і аўтэнтычныя беларускія стравы. Адразу пяць рэгіёнаў Гродзенскай вобласці рыхтуюцца сустракаць замежных турыстаў. З лістапада Ваўкавыскі, Бераставіцкі, Шчучынскі, Воранаўскі і Лідскі раёны набудуць бязвізавы статус. Плануецца, што колькасць гасцей істотна павялічыцца. Наколькі запатрабаваны нацыянальны каларыт у замежных гасцей - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Яшчэ пяць гадоў таму на гэтым месцы былі толькі сцены старога млына. А тэрыторыя навокал нагадвала непралазныя зараснікі. Вялікі турыстычны патэнцыял у руінах убачыў лідскі бізнесмен Генадзь Конан. Выкупіўшы будынак за адну базавую велічыню, ён прыступіў да аднаўлення помніка архітэктуры 19-га стагоддзя. Бізнес-план аказаўся паспяховым. Сёння тут можна ўбачыць турыстаў практычна кожны дзень.

Экспанаты для прыватнага этнаграфічнага музея збіраліся па навакольных вёсках. Аформіць шляхецкую залу дапамаглі мясцовыя рыцарскія клубы. Асобныя рэчы Генадзь Конан прывёз ад сваёй бабулі. Зараз, прызнаецца, млын стаў сэнсам жыцця, таму і экскурсіі для гасцей бізнесмен праводзіць сам.

Яшчэ большага наплыву гасцей тут чакаюць у лістападзе, калі Лідскі раён увойдзе ў бязвізавую зону. Для іншаземцаў ужо распрацоўваюцца спецыяльныя праграмы. 

Работы па рэканструкцыі гістарычнага будынка працягваюцца. У найбліжэйшых планах абнавіць сажалку і пусціць ваду праз млын. Каб пазнаёміць турыстаў з тэхналогіяй вытворчасці мукі 19 стагоддзя.

Акцэнт на аўтэнтычнасць зрабілі і ў аграсядзібе “Над Нёманам”. Гасцей тут прывабліваюць нацыянальным каларытам. У якасці апартаментаў – вясковая драўляная хата.

Прыязджаюць на сядзібу і замежныя госці. За 17 гадоў пабывалі нават турысты з Мексікі і Саудаўскай Аравіі. І ўсе застаюцца ў вялікім захапленні ад беларускай нацыянальнай кухні. Гастранамічны ўхіл - гэта яшчэ адна асаблівасць адпачынку на Лідчыне. Гаспадыня гатуе стравы выключна па старажытных рэцэптах. Сёлета асаблівай папулярнасцю карыстаецца запечаны гарбуз з мясам і грыбамі.

Разам з музеямі і аграсядзібамі да наплыву бязвізавых турыстаў рыхтуецца і сам горад Ліда. Актыўна развіваецца інфраструктура адпачынку, распрацоўваюцца брэндавыя мерапрыемствы.

Бязвізавымі ў лістападзе стануць адразу пяць раёнаў Гродзеншчыны. І ў кожным з іх ідзе актыўная падрыхтоўка да сустрэчы замежных гасцей. Па папярэдніх падліках, ужо ў наступным годзе рэгіён наведаюць больш за 400 тысяч бязвізавых турыстаў.