З надыходам вясны прадоўжыцца рэканструкцыя касцёла езуітаў у Мсціславе. Фінансаванне адкрыта

2 марта 2019

Краіна працягвае сачыць за лёсам помнікаў архітэктуры, якім патрэбная дапамога. Летась мы расказвалі пра касцёл езуітаў у Мсціславе - збудаванне XVIII стагоддзя, якое пашкодзіла непагадзь: частка даху і сцяны абваліліся. Быў распрацаваны план выратавання святыні, да якога далучыліся і будаўнікі. Яны сабралі канструкцыю, якая стала апорай для храма. Андрэй Ястрабаў даведаўся, як ідуць справы.

Езуіцкі касцёл. Калісьці частка ансамбля манастыра. У XVIII стагоддзі адно са збудаванняў належала калегіуму (такіх у той час было чатыры у Беларусі), дзе можа было атрымаць вышэйшую адукацыю. У XIX стагоддзі - праваслаўны сабор. А з 70-х гадоў мінулага стагоддзя святыня не выкарыстоўвалася.

У снежні 2017-га непагадзь пашкодзіла частку даху і сцяны помніка архітэктуры. Экспертыза пацвердзіла: прычына ў вапнавых растворах, якія выкарыстоўвалі будаўнікі ў старажытнасці.

Сцены намакалі. З часам з’явіліся небяспечныя расколіны. Спецыялісты прааналізавалі праблему і пачалі аднаўленчыя работы. 

А яшчэ - рамонт даху і мантаж велізарнай драўлянай апоры. Не адзін дзень працы, і цяпер канструкцыя падтрымлівае збудаванне. Дарэчы, прымянялася тэхналогія, якой не аднойчы карысталіся будаўнікі для аднаўлення храмаў Беларусі.

Для Мсціслава, які штогод прымае да 15 тысяч турыстаў, у тым ліку міжнародны рыцарскі фэст, куды з’язджаюцца клубы рэканструкцыі з усяго свету, аднаўленне езуіцкага касцёла - гэта яшчэ і вырашэнне эстэтычнай праблемы, бо ён - частка гістарычнага ансамбля райцэнтра, які сёння ўпрыгожаны адноўленымі цэрквамі, паркам адпачынку.

Фінансаванне адкрыта. З надыходам вясны работы прадоўжацца.

Раён спадзяецца на атрыманне дзяржаўнага гранту. У планах - поўнае аднаўленне святыні. Па словах спецыялістаў, гэта магчыма, тэхналогіі існуюць. Гатовы падтрымаць праект і вернікі.