Рэстаўрацыя капліцы Паскевічаў

11 ноября 2017

Пахавальная капліца роду Паскевічаў у Гомелі стане даступнай для наведвальнікаў у будучым годзе. Рэстаўратары плануюць завяршыць работы па аднаўленні важнай часткі палацава-паркавага ансамбля. Фамільная пахавальня Паскевічаў пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Дзякуючы рэстаўрацыі збудаванне набыло страчаныя элементы дэкору.

Вольга Халадовіч пабывала на рэстаўрацыйнай пляцоўцы і даведалася, над чым яшчэ працуюць спецыялісты.

Каб яе пабудаваць, спатрэбілася амаль 20 гадоў. Узамен на дазвол зладзіць фамільную пахавальню Фёдар Паскевіч дапамог умацаваць бераг ракі, на якім стаяў храм Пятра і Паўла. Схіл падмывала вада, і яго абвал пагражаў абрынуць сабор.

Аднаўляць стары стыль Фёдар Паскевіч запрасіў знакамітых пецярбургскіх архітэктараў, дэкаратараў і жывапісцаў. Атрымаўся унікальны архітэктурны шэдэўр.

Над будаўніцтвам і дэкорам капліцы працавалі лепшыя спецыялісты таго часу. Мяркуюць, што вось гэта пано было выраблена ў майстэрні Фралова. У той самай, дзе стваралі элементы знакамітага храма Спаса на Крыві ў Санкт-Пецярбургу.

Помнік сур'ёзна пацярпеў падчас Вялікай Айчыннай. Першая рэстаўрацыя праходзіла ў 1972 годзе. Апошнія 10 гадоў пахавальня паступова вяртае страчаны выгляд. На ёй зноў з’явіліся тэракотавыя какошнікі і маялікавая кафля, купал з крыжам. Зараз на чарзе аднаўленне капліцы. Металічныя рашоткі, арачнае апраўленне і мазаічнае пано з'явяцца тут ужо да канца года. Дзіўна, але дапамагае гісторыкам і рэстаўратарам зрабіць усё так, як было ў XIX стагоддзі, адзін са стваральнікаў помніка – Максіміліян Месмахер.

У магільным склепе пахаваныя восем прадстаўнікоў роду Паскевічаў. Гэтае месца захоўвае нямала таямніц і загадак старажытнага роду. Відавочцы запэўніваюць, што неаднаразова бачылі ў магільным склепе круглую цень, якая рухалася па сцяне. І гэта не адзіная легенда капліцы-пахавальні.

Завяршыць рэстаўрацыю капліцы плануюць у 2018 годзе. Пасля гэтага фамільны сакральна-мемарыяльны комплекс будзе адкрыты для наведвальнікаў.