Рэкордны ўраджай збожжавых, новыя станкі на экспарт, сучасная магістраль у памежжы і падвоены бэбі-бум

26 декабря 2015

Пра іншыя адметныя падзеі, якімі запомніўся 2015 нашым віцебскім калегам, Вольга Шмаргун.

Рэкордны ураджай збожжавых, новыя станкі на экспарт, сучасная магістраль у памежжы і падвоены бэбі-бум. Гэтым запомніўся адыходзячы год паўночнаму рэгіёну краіны. А пачалося ўсё з нараджэння волата.

6 кілаграмаў 190 грамаў. Такі выпадак – адзін на мільён. У першыя дні студзеня 2015 хлопчык-рэкардсмен нарадзіўся ў Віцебску. Назвалі яго Андрэем у гонар дзеда. У сям'і Сахаравых – гэта трэцяе дзіця. Дома малога з мамай чакалі яшчэ старэйшыя сястра і брат.

Паводле статыстыкі, толькі 8 % немаўлят важаць больш за 4 кілаграмы. А для некаторых такое шчасце памножаецца на два. І тут яшчэ адзін рэкорд года. У Аршанскім раддоме на свет з'явіліся 7 пар двайнят за 2 тыдні. І ўвогуле кожная чацвёртая двойня - у Віцебскай вобласці.

2015 год увойдзе ў гісторыю вобласці і як самы ўраджайны. Прыдзвінскія хлебаробы сабралі адзін мільён 370 тысяч тон збожжавых. З аднаго гектара – больш за 36 цэнтнераў. І гэта абсалютны рэкорд.

А яшчэ ў аграгарадкі паступіў прыродны газ. З'явілася сучасная аўтамагістраль Віцебск - Лёзна – граніца Расіі. Прайшла мадэрнізацыя на буйных прадпрыемствах рэгіёна, асвоены новыя рынкі збыту. За гэтымі і іншымі падзеямі з жыцця вобласці жыхары Прыдзвіння цяпер могуць сачыць на новым тэлеканале "Беларусь-4. Віцебск". Націснуць кнопку, якая дала пачатак эфіру, дазволілі былым выхаванцам дзіцячага дома. Знайсці сям'ю ім дапамаглі віцебскія журналісты.