Рэкордныя намалоты і першыя ў краіне камбайнёры-тысячнікі

20 июля 2019

Аграрыі пачынаюць масавае жніво. У Гродзенскай вобласці ўсю тэхніку на палеткі вывелі нават паўночныя раёны. У Прынёманні падчас сёлетняй уборачнай кампаніі неабходна апрацаваць трыста дваццаць дзве тысячы гектараў зерневых культур. Асаблівасці жніва ў заходнім рэгіёне краіны - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Механізатар Андрэй Росенік за штурвалам камбайна ўжо 14-ты сезон. Сёлетняе жніво, прызнаецца, з самых складаных. Тэхніка на палеткі выйшла як ніколі рана, першую тону збожжа адгрузіў яшчэ 25 чэрвеня. Два месяцы ў раёне не было дажджоў, таму, каб не страціць ураджай, малаціць прыходзіцца акуратна, на невялікай хуткасці. Менавіта такі гаспадарскі падыход да працы і дазволіў камбайнёру стаць першым тысячнікам у краіне. Праўда, сам Андрэй Росенік сцвярджае, што гэта заслуга ўсяго калектыву.

Тое, што першы тысячнік з’явіўся ў гаспадарцы імя Крамко, хутчэй заканамернасць, чым выпадковасць. Тут на працягу дзесяцігоддзяў строга прытрымліваюцца агранамічных тэхналогій. Выкарыстоўваюць толькі высокапрадукцыйныя гатункі збожжавых культур.

Намалоты ў гэтай гаспадарцы традыцыйна высокія. Зараз тут збіраюць каля 70 цэнтнераў з гектара. Аднак ёсць палеткі, як, напрыклад, вось гэтая азімая пшаніца, дзе ўраджайнасць увогуле дасягае 80 цэнтнераў на круг.

А гэта ўжо сельгаспрадпрыемства “Доцішкі” паўночнага Воранаўскага раёна. Жніво тут распачалі ўсяго тыдзень таму, аднак пэўныя дасягненні таксама ёсць. Сямейны экіпаж Лабовічаў сваю тысячу тон намалоціць зусім хутка. Аднак галоўная задача - падрыхтаваць годную змену. Малодшы Вадзім Лабовіч за два сезоны спасціг усе нюансы працы на камбайне.

Сёлета ў Доцішках вырасцілі добры ўраджай, і каб сабраць яго, кожнаму работніку гаспадаркі неабходна працаваць на ўсе сто. Усе ўмовы для гэтага ёсць: выпрацавана цэлая сістэма заахвочванняў, а двухразовае гарачае харчаванне дастаўляюць проста на палеткі.

Меню дамашняе. Улічваюцца ўсе гастранамічныя пажаданні аграрыяў. Бываюць стравы і па спецзаказе.

Завяршыць жніво збожжавых у Доцішках плануюць за тры тыдні. Усе перадумовы, сцвярджаюць аграрыі, для гэтага ёсць. Нават неспрыяльныя ўмовы надвор’я не здолеюць замарудзіць тэмпы ўборачнай кампаніі. Мясцовыя зернесушыльныя комплексы гатовы перапрацаваць увесь сабраны ўраджай.