Рэканструкцыя Каложскай царквы

18 ноября 2017

Рэстаўрацыю паўднёвай сцяны Барыса-Глебскай царквы ў Гродне завершаць да канца бягучага года. Зараз будаўнікі рыхтуюцца распачаць самы адказны этап работ - падняцце паўднёва-заходняй часткі храма. Для гэтага падрыхтавалі спецыяльныя дамкраты, а канструкцыю ўмацавалі сцяжнымі рамянямі. Працэс гэты будзе весціся вельмі акуратна і няспешна - літаральна па сантыметры. Падрабязнасці ўнікальнага інжынернага праекта - у Дзмітрыя Смірнова.

Барыса-Глебская ці інакш - Каложская царква лічыцца адной з першых хрысціянскіх святынь на гродзенскіх землях. Мяркуюць, што Каложа - самы старажытны храм Беларусі пасля Полацкай Сафіі. Набегі з усходу і захаду, міжусобіцы – царква вытрымала ўсё, але аказалася безабароннай перад стыхіяй.

У 19 стагоддзі палова цэнтральнага фасада і частка паўднёвай сцяны літаральна з'ехала ў Нёман. У руінах Каложская царква прастаяла да канца Першай сусветнай вайны. За адраджэнне хрысціянскага сімвала прыняліся толькі ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Драўляная паўднёвая сцяна і інжынерныя ўмацаванні трымалі Каложу амаль 100 гадоў. За гэты час паўднёва-заходні вугал царквы адышоў у бок на 24 сантыметры, а ніжняя частка каркаса апусцілася яшчэ на 30.

Пра якасць работ калег з мінулага сённяшнія будаўнікі адгукаюцца высока. Драўляную сцяну і каркас, зроблены з сібірскай лістоўніцы, у той час паставілі без адзінага цвіка. Захоўваючы аўтэнтычнасць, яго ўключылі ў праект рэканструкцыі. Цяпер рыхтуюцца да самага адказнага этапу работ - падняцця паўднёва-заходняй часткі храма.

На капітальны рамонт сімвала хрысціянства з Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва вылучана каля 200 000 рублёў.

Ніводнай пластыкавай дэталі ў рэканструкцыі не выкарыстоўваюць. Толькі дрэва і ўцяпляльнік. Таўшчыня сцен Каложскай царквы — два з паловай метры. Падлога тут халодная нават у спякоту. Падчас рэстаўрацыі паміж драўлянай сцяной і каменным бокам пракладуць спецыяльныя мінеральныя пліты.

Рамонтныя работы ў Каложскай царкве будаўнікі плануюць завяршыць ужо ў снежні.