Рэдкая па сваёй архітэктурнай кампазіцыі капліца ў Драгічынскім раёне разбураецца на вачах

9 февраля 2019

Помнік неаготыкі першай паловы XIX стагоддзя афіцыйна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але рэстаўрацыйныя работы ніяк не распачнуцца.

Вікторыя Патоня ўбачыла, у якім стане зараз архітэктурны шэдэўр, якія ў яго перспектывы. Архітэктурны помнік у аграгарадку Закозель уражвае сваёй кампазіцыяй і адначасова станам, у якім знаходзіцца. Сёння ад мармуровых прыступак, гіпсавай ляпніны амаль нічога не засталося. Са сцен сыплецца цэгла, разбураецца дах. Капліца-пахавальня належала роду Ажэшкаў, была пабудавана ў шляхецкім парку роўна 170 гадоў таму. І ні разу не рамантавалася. Сёння яе абжылі вавёркі. Культавае збудаванне ўнікальнае па кампазіцыі і стылістыцы, а пра былую веліч нагадваюць чыгунныя шчыты з радавымі гербамі на фасадзе.

А яшчэ пакасіліся крыжы, разбураюцца стрэльчатыя вежы. Найстарэйшы помнік неаготыкі на тэрыторыі Беларусі паступова ператвараецца ў руіны. У савецкі перыяд тут планавалі зрабіць музей, перабудаваць капліцу пад праваслаўную царкву. Доўгі час палеская жамчужына не ахоўвалася і была разрабавана. Што ўцалела, зараз захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі. Зазірнуць унутр невялікага храма і ацаніць інтэр’ер цяпер небяспечна, таму па перыметры архітэктурны шэдэўр абгарадзілі.

Помнік даглядаюць мясцовыя жыхары і школьнікі. Яны мараць яго захаваць. Любоў Кушаль бачыла, якой капліца была яшчэ 70 гадоў таму. Прыходзіла з экскурсіямі, наводзіла парадак. Узгадвае, што пасля вайны вежы ўпрыгожвалі чатыры гіпсавыя статуі евангелістаў. Зараз, кажа жанчына, капліца ў крытычным стане, але ўсё роўна прыцягвае да сябе ўвагу. Таму экскурсіі і фотасесіі тут нярэдкасць.

Да вырашэння праблемы падключыліся спецыялісты. Работы пачаліся яшчэ 10 гадоў таму, але так і засталіся на паперы. Сродкаў хапіла толькі на распрацоўку праекта і ўсталяванне вулічных ліхтароў. Зараз мясцовыя ўлады адкрылі дабрачынны рахунак і шукаюць мецэнатаў. На першапачатковыя работы неабходна каля паўмільёна рублёў.

На дабрачынны рахунак ужо паступаюць сродкі ад нераўнадушных людзей з усёй краіны. Магчыма, дзякуючы агульным намаганням рэнесанс унікальнай капліцы нарэшце наступіць, каб любавацца палескай жамчужынай можна было не толькі з карцін і фотаздымкаў.