Раскопкі ў Слаўгарадскім раёне

28 апреля 2018

Пошукавая экспедыцыя па месцах баёў Вялікай Айчыннай вайны ў Слаўгарадзе прынесла першыя вынікі. З зямлі падняты астанкі некалькіх байцоў-чырвонаармейцаў. У сярэдзіне ліпеня 41-га тут ішлі бязлітасныя баі. Больш за 5 000 савецкіх салдат не вярнуліся. Андрэй Ястрабаў правёў дзень з пошукавым атрадам.

Крок за крокам пры дапамозе металадэтэктара вайскоўцы і пошукавікі даследуюць былыя акопы. Тут - ля вёскі Рудня - мясцовыя жыхары раней знаходзілі і гільзы, і асколкі, нават часткі абмундзіравання. Першыя гадзіны раскопак - і першыя знаходкі. Астанкі і амуніцыя байца, якому на той час было ўсяго 18-20 гадоў. Пахаванне пачатку вайны.

У наваколлі Слаўгарада (у той час Прапойска) у 41-м ішлі жорсткія баі для стрымання гітлераўскіх войскаў. Паводле няпоўных падлікаў, загінулі звыш 5 000 чырвонаармейцаў. Большасць з іх па-ранейшаму лічыцца без вестак прапаўшымі. Ля вёскі Ходарава пошукавікі знайшлі астанкі адразу сямі байцоў. На шчасце, пры іх імянныя рэчы: нацельныя крыжы, кашалькі з манетамі і нават узнагароды. Родныя герояў цяпер атрымалі шанц даведацца пра месца іх гібелі.

Штогод магілёўскія пошукавікі атрымліваюць да 800 зваротаў з усяго свету: унукі, праўнікі шукаюць сваіх родных, якія без вестак прапалі ў баях Вялікай Айчыннай. Ёсць і мара: тут, у слаўгарадскіх лясах, знайсці штабныя дакументы 20-га стралковага корпуса генерала Яроміна. Яны пралілі б святло на падзеі ліпеня 41-га на тэрыторыі Прысожжа.

Дзякуючы разводдзю добра бачна і безыменная вышыня. Згодна з архівамі тут у 43-м падчас вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі 40 чырвонаармейцаў. Нават імёны іх вядомыя. Засталося толькі знайсці і перапахаваць з пашанай.

Зразумела, раённы гісторыка-краязнаўчы музей у чаканні новых адкрыццяў, звязаных з Вялікай Айчыннай. І новых экспанатаў. Дзякуючы пошукавым экспедыцыям фонды папаўняюцца штогод. Ды і мясцовыя жыхары, якія з павагай ставяцца да гісторыі сваёй малой радзімы, перадаюць у дар рэліквіі, што доўгі час захоўвалася ў сем’ях.

Пошукавая экспедыцыя ля Рудні працягваецца. Наперадзе раскопкі ў Чавускім раёне. Увогуле ж разам з ваеннымі будуць даследаваны звыш сотні новых месцаў пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай. А значыць, яшчэ не адно імя герояў стане вядома.