Раней толькі на вёслах, а цяпер яшчэ пешшу і на веласіпедзе. Пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы “Лясная - Рудаўка” пашырыў прыгранічны статус да веласіпедна-пешаходна-рачнога. Хто праехаў першым па новых правілах праз векавы шлюз Аўгустоўскага канала і якія сюрпрызы чакаюць турыстаў - падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.
Гэты шлюз можна лічыць новай турыстычнай брамай Гродзенскай вобласці. Без візы ў госці цяпер можна не толькі плыць, але ехаць на веласіпедзе ці дабірацца пешшу.
Дарэчы, аднымі з першых, хто, так бы мовіць, абкатаў пашыраны статус пункта пропуску “Лясная - Рудаўка” на беларуска-польскай граніцы, сталі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і маршалак Падляскага ваяводства Ежы Ляшчынскі. Мяркуючы па эмоцыях веласіпедыстаў, афіцыйныя перамовы аб прыгранічным супрацоўніцтве на двух колах праходзяць не менш эфектыўна, чым у строгіх кабінетах.
На думку экспертаў з абодвух бакоў, пашырэнне фармату пропуску замежных турыстаў на “Лясной - Рудаўцы” - не адзіны праект, хутчэй можна казаць пра комплекс перспектыў. Тут і эканамічныя інтарэсы, і развіццё сумесных трансгранічных ініцыятыў, ды і агульны імідж беларускага рэгіёна.
Да гэтага тыдня турысты на “Лясной - Рудаўцы” маглі карыстацца толькі водным шляхам. Да таго ж, патрэбна было загадзя даслаць заяўку аб перасячэнні граніцы. Зараз афіцыйна дазволеныя веласіпеды і пешы турызм. І што важна як для гасцей, так і для тураператараў - нікога не трэба папярэджваць: замежныя прагулкі даступныя ў любы час.
Ежы Ляшчынскі, маршалак Падляскага ваяводства: "Перспектыва, на мой погляд, значная. Бязвізавы рэжым, я спадзяюся, актывізуе шмат прыгранічных праектаў. Ужо ёсць эфект! Гродна ў мінулыя восень і зіму - а гэта не самы актыўны для турызму на Аўгустоўскім канале час - наведалі больш за 10 000 замежных турыстаў, і сярод іх, дарэчы, было шмат палякаў, жыхароў Падляскага ваяводства. І адкрыццё зараз "Лясной - Рудаўкі" для веласіпедыстаў і пешых турыстаў - гэта наступны важны крок".
Між тым, водны, а зараз яшчэ веласіпедны і пешы рух праз “Лясную - Рудаўку” - гэта кірунак не толькі з захаду на ўсход, але і наадварот. І спецыялісты турыстычнай сферы ўжо плануюць пашырэнне на тры краіны.
“Лясная - Рудаўка” ў новым статусе трохі больш за суткі, а эфект ўжо звыш чаканняў. Толькі на гэты ўікэнд на бязвізавую прагулку па Аўгустоўскім канале і Гродне зарэгістравана больш чым 2 000 турыстаў.













