Вытворчы турызм актыўна развіваецца на гродзенскіх прадпрыемствах

15 октября 2016

У рэгіёне каля дзясятка турыстычных маршрутаў, якія прапаноўваюць пазнаёміцца з тэхналогіяй вытворчасці. У прыватнасці, з працэсам вырабу адзення і разнастайных бытавых рэчаў. А на харчовых фабрыках не абыходзіцца без дэгустацыі прадукцыі. Наколькі папулярныя такія экскурсіі, даведалася Вольга Капковіч.

Дэманстрацыйная галерэя, дзе ўвесь працэс вытворчасці сыру як на далоні, раскінулася амаль на 200 метраў. Праз вялікія панарамныя вокны можна прасачыць, як штодзень 330 тон свежага малака трапляе ў вялізныя кантэйнеры. Так пачынаецца вялікі сырны шлях даўжынёй у месяцы выспявання.

За шклом нешматлюдна. За суткі ў новым цэху вырабляюць да 40 тон сыру, а ўдзельнічаюць у гэтым працэсе 6 чалавек. Астатнюю працу, перш за ўсё фізічную, робіць тэхніка.

Працэс вытворчасці сыру, а потым і яго дэгустацыя (дарэчы, гэта абавязковы элемент любой экскурсіі на харчовым прадпрыемстве), цікавяць многіх. За некалькі месяцаў новы турыстычны маршрут ацанілі сотні груп. Спадабаўся новы кірунак турыстычных сцежак і экскурсантам.

Такія экскурсіі дазваляюць, па-першае, пазнаёміцца з працэсам вытворчасці, па-другое, пасля такога агляду ў турыстаў узнікае інтарэс да прадукту - а гэта і ёсць галоўная задача прамысловага турызму.

Праект па развіцці вытворчага турызму стартаваў у краіне ў верасні мінулага года. У Гродзенскай вобласці зараз працуе некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, якія прапануюць пазнаёміцца з гісторыяй і хітрыкамі вытворчасці разнастайнай прадукцыі.

Акрамя экскурсій, на прадпрыемствы харчовай галіны, у рэгіёне можна паназіраць і паўдзельнічаць у вытворчасці шкляных вырабаў, пальчатак, школьнага адзення і іншых рэчаў. Новы напрамак набірае папулярнасць у гродзенцаў і замежных гасцей. Таму спіс прадпрыемстваў, якія адкрыюць сакрэты вытворчасці, хутка пашыраць.