Творы мастацтва замест планавай афарбоўкі

24 сентября 2016

Тралейбус і два трамваі з роспісам на аснове эскізаў мастакоў-авангардыстаў Ніны Коган і Казіміра Малевіча запусцілі ў Віцебску. Транспарт выйшаў на вуліцы горада падчас Дзён еўрапейскай спадчыны.

У трамваі, прасякнутым духам супрэматызму, першым праехаў Артур Смалякоў. Авангардныя формы замест бартавога нумара, супрэматызм замест рэкламы. Арыгінальныя варыянты роспісу грамадскага транспарту Ніна Коган і Казімір Малевіч стварылі яшчэ ў 1920-м. Праз стагоддзе іх ідэі ўвасобілі ў жыццё віцебскія дызайнеры.

Гэтыя эскізы ў пачатку ХХ стагоддзя зрабілі ўдзельнікі творчага аб'яднання «Уновіс», каб упрыгожыць Віцебск да свята Першамая. А ператварыць сучасныя трамваі і тралейбусы ў творы мастацтва ўзяліся выкладчык кафедры дызайну Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Ілья Гурко і настаўнік гарадскога каледжа культуры Сцяпан Драздоў. Аўтары адаптавалі графіку пачатку ХХ стагоддзя пад сучаснасць.

Для маладых талентаў гэта не першы сур'ёзны выклік. Тры гады таму рабілі дэкарацыі для фільма Аляксандра Міты «Шагал-Малевіч». Стары горад, створаны рукамі віцебскіх дызайнераў, заварожваў, а іх палотны, здавалася, толькі выйшлі з-пад пэндзля самога міфатворцы.

Новы праект дызайнераў - гэта не толькі супрэматычны крэатыў на дзвярах грамадскага транспарту. Тут і цытаты з трактатаў Малевіча, і інфармацыя пра аўтараў арыгінальных эскізаў, і даведка аб сучасным праекце. Два трамваі і тралейбус адправіліся не толькі перавозіць, але і пашыраць кругагляд пасажыраў.

Незвычайны праект для маладых віцебскіх дызайнераў – адкрыццё мінулага, зразумелага новаму пакаленню. А адаптацыя эскізаў грамадскага транспарту векавой даўніны ў сучасным горадзе – спосаб яшчэ раз нагадаць людзям пра таленавітых землякоў, творчасць якіх стала сімвалам сусветнай культурнай спадчыны.