Праект "Лабараторыя сонца" ў Камянецкім раёне

19 мая 2018

Энергазберагальныя тэхналогіі ў рэгіёнах. На месцы старога саду ў аграгарадку Камянецкага раёна пешаходныя дарожкі, ліхтары, зона адпачынку. Асвятляць парк будуць сонечныя панэлі. З’явяцца і ўстаноўкі для падзарадкі мабільных тэлефонаў.

Вікторыя Патоня ацаніла праект "Лабараторыя сонца".

У цэнтры аграгарадка Відамля стары сад набывае другое жыццё. Ураджай тут даўно не збіраюць: яблыням паўстагоддзя. Таму вырашылі стварыць зону для рэлаксу і дзіцячую пляцоўку, якой пакуль у мясцовай дзятвы няма. Тэрыторыю акультурваюць, прадугледжана сістэма водаадвядзення. І на практыцы прадэманструюць, як можна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

Знешне парк будзе выглядаць традыцыйна: пешаходныя дарожкі, зоны адпачынку, лаўкі. Галоўнае адрозненне - ліхтары, якія будуць атрымліваць святло дзякуючы вось такім панэлям. Яны ўжо ўсталёўваюцца. Днём будуць назапашваць энергію сонца, а ўвечары яе аддаваць. Тут жа можна будзе і падзарадзіць мабільны тэлефон.

У зоне адпачынку прадугледжаны пакуль 7 ліхтароў. Уключацца яны будуць аўтаматычна і энергію атрымліваць з акумулятараў, якія назапашваюць энергію сонца на двое сутак. Кожная панэль здольна выпрацоўваць за гадзіну да тысячы Ват электраэнергіі. Напружанне будзе мінімальным і таму бяспечным. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза па праграме развіцця мясцовых ініцыятыў ПРААН. Спонсарам выступае мясцовае прадпрыемства "Відамлянскае".

У парку мясцовыя школьнікі змогуць праводзіць навуковую работу. Тут ужо працуе энергетычны патруль, які прапагандуе экалагічнае выхаванне. Вучні пачатковых класаў ведаюць, чаму важна берагчы прыродныя рэсурсы.

Побач з паркам таксама створана батанічная секцыя, дзе можна азнаёміцца замаль з 80-цю відамі раслін. Рэкрэацыйная ж пляцоўка першых наведвальнікаў прыме напрыканцы мая. Гэта адзін з прыкладаў, як можна зрабіць сваю малую радзіму больш прывабнай.