Пры магілёўскім ЦУМе дзейнічае адзіны ў краіне жаночы аркестр

29 апреля 2017

Яго музыку ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Адзіны ў нашай краіне жаночы аркестр дзейнічае пры магілёўскім гарадскім ЦУМе. Звычайныя касіры і адміністратары ў працоўны час абслугоўваюць пакупнікоў, а пасля бяруць у рукі музычныя інструменты. З рэпертуарам пазнаёміўся Андрэй Ястрабаў.

Працоўны стаж Таццяны Васільковай - 41 год. З першага дня сваёй кар’еры - у Цэнтральным універмагу. Даслужылася да прадаўца самага вышэйшага - шостага разраду. Яе канёк - ніводны пакупнік жаночага альбо мужчынскага адзення не пакідае магазін без абноўкі. Як у яе гэта атрымліваецца?! Гаворыць - прафесійны сакрэт. Але хто б мог уявіць: Таццяна - яшчэ і першая труба ў духавым аркестры!

Такіх калег, якія нават ніколі не ігралі на музычных інструментах, а нотную грамату вывучалі толькі на ўроках музыкі ў школе, сабраўся сапраўдны духавы аркестр. Навучанне праходзіла на рэпетыцыях. А ў 1978, расказвае адна са стваральнікаў калектыву і першы яго саліст Алена Пускова, пра “Ліру”- адзіны духавы жаночы аркестр у Беларусі - даведаліся ўсе.

З таго часу дасье аркестра папоўнілася дзясяткамі разнастайных дыпломаў. У 2013 ён атрымаў званне народнага аматарскага. Летась у калектыў прыйшоў Дзяніс Аюпаў. Маючы за плячыма Акадэмію музыкі, працу ў аркестры Фінберга і свой джазавы бэнд, малады дырыжор пачаў з абнаўлення рэпертуару. Так да маршаў і любімых мелодый з кінафільмаў дадаліся сучасныя, папулярныя.

Пакуль у калектыве 15 музыкантаў, і, зразумела, яны маюць свае прывілеі. Іх заўсёды адпускаюць на некалькі гадзін займацца музыкай. Між тым у кіраўніцтва новыя планы - умацаваць гучанне аркестра драўлянай духавой групай і электроннымі інструментамі. Таму трэба чакаць папаўнення ў жаночым калектыве.

У аркестра нібыта адкрылася другое дыханне, а гараджане ўсё часцей сталі прыслухоўвацца да гукаў, якія ідуць ад Цэнтральнага ўнівермага. Такі музычны рупар у цэнтры горада. А ніхто і не супраць. Наадварот. Добрая мелодыя ўзнімае настрой!